Ператрус у дырэктаркі “Экадома”: Гэта каб анархісты не расслабляліся
Адразу ў некалькіх актывістаў анархісцкага руху Беларусі адбыліся ператрусы. Супрацоўнікі крымінальнага вышуку раніцай 26 верасня ў Мінску прыйшлі на кватэру да выканаўчай дырэктаркі рэспубліканскага грамадскага аб'яднання “Экадом” Марыны Дубінай. Таксама вядома пра ператрусы яшчэ ў двух кватэрах.
Афіцыйнай нагодай стала крымінальная справа з нагоды падпалу білборда ў Івацэвічах два месяцы таму. Але на думку аднаго з актывістаў анархісцкага руху Мікалая Дзядка, сілавікі проста імкнуцца запалохаць анархістаў. Пра гэта Дзядок распавёў у размове з Еўрарадыё.
Мікалай Дзядок: “Гэта робіцца, каб прадэманстраваць удзельнікам анархісцкага руху, што яны ў небяспецы. Гэта таксама і прывентыўны удар перад восеньскімі акцыямі пратэсту. Такі маральны ціск, каб у актывістаў і думкі не было пратэставаць”.
Як вядома, 28 ліпеня ў Івацэвічах падпалілі з дапамогай кактэйля Молатава рэкламны білборд “Сіла закона ў яго выкананні”. Па гэтай крымінальнай справе ўжо праходзяць двое актывістаў: жыхар Івацэвічаў Ігар і мінчук Кірыл Аляксееў.