Першы трэнер Глеба нічога не атрымае?
Еўрарадыё паспрабавала высветліць, куды пойдуць грошы, пералічаныя брытанскім “Арсеналам” беларускай футбольнай школе.
Еўрарадыё паспрабавала высветліць, куды пойдуць грошы, пералічаныя брытанскім “Арсеналам” беларускай футбольнай школе. Хутчэй за ўсё, яны пойдуць на новае поле і форму для будучых зорак футболу. Згодна з механізмам салідарнасці ФІФА, грошы, пераведзеныя ў Беларусь, павінны былі паступіць у футбольную школу, дзе навучаўся гульні ў мяч Аляксандр Глеб. Як патлумачыў Еўрарадыё дырэктар спартовай школы “Дынама” Валянцін Дамашэвіч, сам ён не ведае, ці дайшлі 300 тыся еўра ў Беларусь. Да таго ж, размеркаваныя сродкі будуць самім таварыствам “Дынама”, а не школай:
“Школе гэтыя грошы ніколі не пойдуць, бо мы не маем валютнага рахунку. Я тэлефанаваў у нашу Асацыяцыю футболу першым людзям, яны нічога станоўчага мне не паведамілі. Куды пойдуць гэтыя грошы, трэба пытаць у генерал-лейтэнанта Бародзіча, які ўзначальвае гэтую дынамаўскую арганізацыю”.
Дарадца старшыні Беларускага спартовага таварыства “Дынама” Аляксандр Мушта запэўніў журналістаў Еўрарадыё, што брытанскія грошы пойдуйць на рэканструкцыю школьнага поля для маладых футбалістаў. Магчыма, частка грошаў будзе перададзена і Ўладзіміру Сінякевічу – першаму трэнеру Глеба:
“Гэта пакрыццё для футбольнага поля дзіцяча-юнацкай спартовай школы. Мы паспрабуем, усё залежыць ад кошту пакрыцця, калі застануцца грошы, выдаць грошы і на падагрэў. Частку грошай, няхай нават сымвалічную суму, але неабходна выдаткаваць на саму школу. Гэта форма, экіпіроўка і гэтак далей. Напэўна, трэба не пакрыўдзіць і першага трэнера Глеба… У “Дынама” ўсё вырашаецца калегіяльна, таму зразумела, што аднаасобна гэтае пытанне ніхто вырашаць не будзе”.
Сапраўды, толькі ад рашэнняў БФСТ “Дынама” залежыць, куды, каму і на што будуць выдадзены грошы. Толькі як патлумачыў Еўрапейскаму радыё Сяргей Ільіч, памочнік генеральнага дырэктара “Дынама”, юрыдычных падстаў для выплаты грошаў трэнеру Сінякевічу няма. Таму што практыка выплаты грошай ажыццяўляецца толькі пасля першага прафесійнага кантракту футбаліста:
“Выплата грошай першаму трэнеру – гэта не сусветная, а нашая практыка, нашай Беларускай федэрацыі футболу. Гэта тычыцца тых выпадкаў, калі футбаліст падпісвае свой першы прафесійны кантракт. Да грошаў “Арсеналу”, з юрыдычнага пункту гледжання, такая сітуацыя не мае ніякага дачынення, таму што Глеб аформіў свой першы кантракт даўно. Грошы прыходзяць да першага трэнера толькі пасля першага кантракту футбаліста па механізме салідарнасці. Толькі БФСО “Дынама” аднаасобна будзе вырашаць, ці аддзячыць першага трэнера Глеба”.
Спадар Сінякевіч і сам не верыць у магчымасць атрымання якой бы то ні было кампенсацыі ад “Арсеналу”, бо пасля першага кантракту яго падапечнага трэнер атрымаў суму, за якую яму нават сорамна:
“Нейкія грошы за Глеба мне сапраўды раней пераводзілі, толькі гэта такія капейкі, што і гаварыць сорамна. У футбольнай школе я атрымліваю 740 тысяч - гэта як трэнер вышэйшай катэгорыі са стажам”.
Дарэчы, на гэты момант невядома, колькі з 300 тысяч еўра прыйдзецца заплаціць падаткаў. Па словах спадара Ільіча, зараз “Дынама” чакае адказ ад Міністэрства падаткаў:
“Гэта не трансферны, а так званы салідарны плацёж. БФСТ “Дынама” зараз адаслала запыт у падаткаваю. Адказу пакуль няма. Проста для такіх грошай існуюць пэўныя льготныя ўмовы падаткаабкладання”.