"Перспектыва" звярнулася з лістом ва ўрад у справе ІП

"Перспектыва" звярнулася з лістом ва ўрад у справе ІП

Рэспубліканскае грамадскае аб`яднанне "Перспектыва" звярнулася з лістом ва ўрад у справе індывідуальных прадпрымальнікаў ды заклікае яго адэкватна адрэагаваць на сітуацыю, якая склалася з ІП у Беларусі. Грамадскія актывісты сцвярджаюць, што з новага года праца большасці гандлёвых цэнтраў і рынкаў у краіне паралізаваная — працу спынілі 90% гандлёвых цэнтраў і рынкаў па ўсёй краіне.

Што робіцца на рынках пасля 1 студзеня (фота)

"Перспектыва" ў заяве называе сітуацыю "калапсам рознічнага спажывецкага рынку", а прычынай называе "халатнасць чынавенства, якое не надало належнай увагі сітуацыі і праігнаравала шматлікія прапановы прадпрымальніцкай супольнасці". Аўтары заявы заклікаюць урад "вярнуцца на дарогу розуму і прыняць своечасовыя адэкватныя рашэнні, з улікам меркаванняў саміх прадпрымальнікаў".

Тым часам міністр па падатках і зборах Сяргей Налівайка заявіў, што 90% ІП, якія яшчэ летась прадавалі тавары без суправаджальных дакументаў, "гатовыя да новых умоваў працы".

Нагадаем, з пачатку 2016 года ў Беларусі пачаў дзейнічаць указ прэзідэнта № 222 "Аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці і рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізічнымі асобамі". ІП павінны рэалізоўваць прадукцыю легпрама, увезеную з краін Мытнага саюза, толькі з суправаджальнымі дакументамі. Яны ж сцвярджаюць, што расійскія пастаўшчыкі, у якіх закупляюць тавар большасць беларускіх ІП, звычайна адмаўляюцца выдаваць дакументы аб паходжанні прадукцыі альбо прадастаўляюць фіктыўныя даведкі. У выніку на ІП накладаюць штрафы, у іх канфіскуюць тавар. Неаднаразовыя просьбы прадпрымальнікаў да ўладаў адмяніць указ задаволеныя не былі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі