Пінскім актывістам, які сабраўся ў дэпутаты, зацікавілася пракуратура
Сяргею Сухаверхаму вынеслі папярэджанне за дзейнасць ад iмя незарэгiстраванай арганiзацыi.
Малады чалавек з'яўляецца мясцовым каардынатарам аргкамітэту партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя". Папярэджанне яму вынесла намесніца Пінскага міжраённага пракурора Людміла Супрун. Дарэчы, з'явіцца ў пракуратуру Сухаверхага папрасілі праз дзве гадзiны пасля таго, як ён падаў дакументы аб рэгiстрацыi сваёй iнiцыятыўнай групы.
На думку каардынатара БХД па Брэсцкай вобласці Змітра Шурхая, такі інтарэс пракуратуры звязаны з жаданнем Сухаверхага ўдзельнічаць у мясцовых выбарах.
Шурхай: “Лічым, што гэтае папярэджанне звязана з мясцовымі выбарамі, і менавіта з тым, што наш пінскі актывіст Сяргей Сухаверхі таксама ўдзельнічае ў гэтай кампаніі. Гэта добра паказвае, што ўлада ўключыла ўвесь свой адміністратыўны рэсурс, каб выбары прайшлі без удзелу незалежных кандыдатаў”.
На Сухаверхага паспрабавалі націснуць таксама і праз яго маці. Жанчыну выклікалі ў Малоткавіцкую школу-інтэрнат, дзе яна працуе. Там з ёй правёў прафілактычную размову першы намеснік кіраўніка Пінскага райвыканкама Іосіф Палхоўскі.
Па словах Сяргея Сухаверхага, чыноўнік патрабаваў, каб маці паўплывала на сына і ён забраў дакументы аб рэгістрацыі сваёй ініцыятыўнай групы.
Сухаверхі: “Ён (Іосіф Палхоўскі. — Еўрарадыё.) казаў простым тэкстам, што ў сына яшчэ ўсё жыццё наперадзе, няхай не займаецца гэтым, няхай забірае заяву. Ну, як мог маці супакоіў, сказаў, што калі яшчэ да яе будуць звяртацца, то няхай кажа, што сын дарослы, усе пытанні — да яго”.
Па словах актывіста, канфліктная сітуацыя не паўплывала на яго жаданне пазмагацца за дэпутацкае месца. 15 студзеня ініцыятыўная група Сяргея Сухаверхага была зарэгістравана.
Фота — bymedia.net