Пісьменніца ў жывым эфіры даведалася, што ўся яе кніга заснаваная на памылцы
Амерыканская пісьменніца-феміністка Наомі Вульф у жывым эфіры даведалася, што яе кніга заснаваная на памылцы, перадае Бі-Бі-Сі.
Кніга Вульф пад назвай "Ганенні: Секс, цэнзура і крыміналізацыя кахання" выйшла з друку ў Брытаніі на мінулым тыдні. Яна распавядае пра тое, як у віктарыянскія часы пераследавалі геяў. Паводле Вульф, іх каралі смерцю. Аўтарка спасылаецца на архівы цэнтральнага крымінальнага суда ў Лондане, вядомага як Old Bailey. Там яна знайшла мноства судовых спраў, дзе быў вынесены прысуд "запісаная смерць" (death recorded). Вульф палічыла, што гэта смяротны прысуд, прыведзены ў выкананне.
Але ў жывым радыёэфіры Бі-Бі-Сі вядоўца паведаміў ёй: у тыя часы фраза азначала ўпэўненасць суддзі , што ў асуджанага шмат шанцаў атрымаць памілаванне.
Як прыклад ён згадаў аднаго з галоўных персанажаў кнігі Вульф — падлетка Томаса Сільвера. Аўтарка палічыла, што таго пакаралі смерцю за гомасэксуальныя адносіны з хлопчыкам. Аднак насамрэч Сільвер адседзеў два гады, а потым быў выпушчаны на парукі, але ніколі не быў пакараны смерцю.
У кнізе Вульф гаворыцца, што ў віктарыянскую эпоху былі пакараныя смерцю дзясяткі геяў, але насамрэч няма ніводнага такога прыкладу. На гэты аргумент вядоўцы Бі-Бі-Сі аўтакрка адказала, што пытанне пра юрыдычныя тэрміны XIX стагоддзя варта вывучыць больш уважліва.
Вульф атрымала вядомасць яшчэ ў 1980-х гадах, калі выдала кнігу "Міф аб прыгажосці: Стэрэатыпы супраць жанчын". Таксама ёй належыць нашумелая кніга "Вагіна: Новая гісторыя жаночай сексуальнасці".