Піўзаводы: Каб адмовіцца ад пэтаў, трэба перакрэсліць 80% вытворчасці!
Еўрарадыё даведалася ў буйных вытворцаў піва, як адмена пластыкавай тары адаб’ецца на іх працы і беларускім рынку ўвогуле.
Міністр гандлю Беларусі прапануе адмовіцца ад продажу піва ў пластыкавай тары і цалкам перайсці на шкло і невялікія аб’ёмы бутэлек.
"Мы падтрымліваем не толькі адмову ад вялікай тары, але і ад пластыку ў прынцыпе, — кажа Валянцін Чаканаў на прэс-канферэнцыі на наступны дзень пасля забароны продажу піва ў больш чым двухлітровых бутэльках. — Пытанне сур’ёзна абмяркоўвалася ва ўрадзе. Згадайце, як пару гадоў таму ва ўсіх грамадскіх месцах і скверах моладзь сядзела з півам. Нармальна перажылі? Перажывуць і адсутнасць вялікіх пластыкавых бутэлек”.
На ААТ “Крыніца” перакананыя, што з цягам часу спажыўцы сапраўды “перажывуць” такія змены. Але якія страты панясе прадпрыемства...
“Каля 80% нашай вытворчасці давядзецца перакрэсліць, — каментуе намеснік генеральнага дырэктара завода па вытворчасці Любоў Рабятнікава. — Пагадзіцеся, што людзі, якія пілі з пэтаў, хутка на шкло ці разліўное не пяройдуць! Калі пераарыентавацца на піва ў кегах, трэба вылучаць дадатковыя сродкі на барныя ўстаноўкі, лядоўні і г.д. У нас няма столькі пунктаў продажу разліўнога піва, каб кампенсаваць 80% вытворчасці”.
Як даведалася Еўрарадыё, усе буйныя вытворцы піва маюць уласныя машыны па выдзіманні пэтаў. Прадаць ужо непатрэбную тэхніку заводам будзе вельмі складана, бо яна, па-першае, б/у, а па-другое, у Расіі, дзе яе яшчэ маглі б набыць, пагаворваюць пра такую ж забарону. Пераналаджванне абсталявання па разліве і іншае таксама пацягне немалыя дадатковыя страты.
“Натуральна, з такой доляй рынка — 70-75% — мы арыентаваныя ў першую чаргу на вытворчасць пэтаў, — агучваюць яшчэ адну магчымую праблему ў прэс-службе “Лідскага піва”. — Наколькі будзе балючым для нас пераход на іншую тару, лепш удакладняць у шклозаводаў. Ці здолеюць яны забяспечыць нас неабходнай колькасцю альтэрнатыўнай тары?”
Але буйныя вытворцы піва асцярожна раяць пачакаць.
“Не хацелася б разважаць на тэму нейкіх эфемерных зменаў, — кажуць на заводзе “Аліварыя”. — Пакуль гэта проста думка, ініцыятыва. Калі б гэтае пытанне абмяркоўвалася на ўзроўні дыялогу ці сапраўды ішла распрацоўка нейкага дакумента, мы б выказалі сваю афіцыйную пазіцыю”.
У любым выпадку ўсе вытворцы перакананыя, што такі закон не можа прымацца без абмеркавання з кіраўніцтвам заводаў.