Планавую дапамогу ў паліклініках Гродна не адмянялі — Мінздароўя
Гродзенская гарадская паліклініка
Аказання планавай дапамогі ў паліклініках Гродна і вобласці ніхто не прыпыняў, паліклінікі працуюць у звычайным рэжыме, паведаміла прэс-сакратар Міністэрства аховы здароўя Юлія Барадун агенцтву БелаПАН.
Раней прадстаўніца галоўнага ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкама Святлана Лазута заяўляла пра тое, што паліклінікі Гродна і вобласці часова прыпыняюць аказанне планавай меддапамогі праз сітуацыю з COVID-19. Такое рашэнне на мінулым тыдні было прынятае і ў Мінску.
Па словах Барадун, у Гродзенскай вобласці назіраецца зніжэнне колькасці пацыентаў з ВРВІ.
"Таму ў паліклініках Гродзенскай вобласці працягваецца аказанне планавай медыцынскай дапамогі пацыентам, у цяперашні час адсутнічае неабходнасць увядзення дадатковых абмежаванняў", — сказала яна.
У звычайным рэжыме вядуць прыём вузкія спецыялісты. Пры гэтым цяжарныя, калі асцерагаюцца ісці ў паліклініку, могуць атрымаць кансультацыю акушэра-гінеколага і па тэлефоне.
Гродзенскія клінікі таксама працягваюць працаваць з рознымі — не толькі каранавіруснымі — пацыентамі. На меддапамогу ў стацыянары могуць разлічваць пацыенты з анкалагічнымі і гематалагічнымі захворваннямі, тыя, каму патрэбная кардыяхірургічная дапамога. Адзіная ўмова: перад шпіталізацыяй пацыенты мусяць зрабіць тэст на COVID-19.
У Беларусі назіраецца рост захворванняў на COVID-19. Сутачны прырост новых выпадкаў складае ўжо 1700-1900. Паводле дадзеных на 6 снежня, за суткі былі выяўленыя 1878 новых пацыентаў з COVID-19. Усяго з пачатку пандэміі ў краіне зарэгістраваныя 147 157 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19. Памерлі 1207 пацыентаў з выяўленай каранавіруснай інфекцыяй.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.