Побач з Камароўкай прыбралі бясплатную паркоўку для інвалідаў
Падчас дарожнага рамонту побач з Камароўкай знікла зручная паркоўка для людзей з інваліднасцю. Раней яны маглі запаркавацца на вуліцы Куйбышава ўздоўж левага боку рынка — там вісеў адпаведны знак:
Але з сярэдзіны чэрвеня на Куйбышава адбываецца капітальны рамонт з мадэрнізацыяй. Будаўнікі абмяжоўвалі рух спачатку па адным, а пасля па іншым баку вуліцы, замянялі асфальт, плітку на ходніках, слупы асвятлення. Падчас рамонту знак, які дазваляў паркавацца інвалідам, знік. Супрацоўнікі ДАІ, якія дзяжураць побач, забараняюць аўтамабілям з жоўтымі налепкамі стаяць уздоўж вуліцы і ў дварах.
У адміністрацыі Камароўскага рынка Еўрарадыё паведамілі, што на іх тэрыторыі ёсць абсталяваная і абазначаная паркоўка для інвалідаў. Што праўда, дзе канкрэтна яна знаходзіцца, начальнік службы аховы сказаць не змог. Ён распавёў толькі, што заязджаць на яе трэба з вуліцы Кульман.
“Што да вуліцы Куйбышава, дык пакуль што там ідуць рамонтныя працы. Натуральна, пакуль яны не скончаныя, паркоўка не абазначаная”, — дадаў начальнік аховы Камароўскага рынка.
Па дакументах, рамонт на вуліцы Куйбышава мусіць скончыцца 26 верасня. Спадзяёмся, што да гэтай даты паркоўка для інвалідаў вернецца на сваё месца.