Пацвердзілася інфармацыя, што ў старшыні камітэта судэкспертыз спалілі машыну
"Супрацоўнікі ДКСЭ былі абураныя здзейсненым замахам на сям'ю Аляксея Волкава", гаворыцца ў заяве / facebook.com/sudexpertizaBY
Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз у пятніцу пацвердзіў, што "супраць жыцця і здароўя сям'і" старшыні ДКСЭ Аляксея Волкава былі здзейсненыя злачынныя дзеянні, паведамляе БЕЛТА. У выніку была знішчана маёмасць кіраўніка.
Раней Еўрарадыё стала вядома, што 1 кастрычніка невядомыя асобы спалілі аўтамабіль Toyota Land Cruiser, які належаў Волкаву. Супрацоўнікі ДКСЭ па ўсёй краіне збіралі грошы ў дапамогу свайму начальніку. Гэтая інфармацыя таксама пацвердзілася ў афіцыйным паведамленні камітэта.
"Супрацоўнікі Дзяржаўнага камітэта абураныя здзейсненым замахам на сям'ю Аляксея Волкава і прынялі рашэнне падтрымаць свайго кіраўніка і яго блізкіх", — сказана ў заяве прэс-службы ведамства.
Сабраныя грошы Волкаў вырашыў перадаць падшэфнаму ДКСЭ цэнтру карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі № 2 Фрунзенскага раёна Мінска.
Да свайго прызначэння на пасаду старшыні Дзяржкамітэта судовых экспертыз Аляксей Волкаў быў першым намеснікам старшыні Следчага камітэта. Улетку 2020 года Волкаў ад імя СК агучваў у СМІ інфармацыю пра крымінальныя справы Сяргея Ціханоўскага і Мікалая Статкевіча, а таксама пра затрыманні 33 "вагнераўцаў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.