Полк недаверу імя Каліноўскага: якія пытанні ў байцоў да апазіцыі

Байцы палка імя Каліноўскага

Байцы палка імя Каліноўскага / t.me/belwarriors

Як бы расійская апазіцыя ні зайздросціла наяўнасці ў беларусаў Святланы Ціханоўскай і Каардынацыйнай Рады, спрэчак і міжусобіцаў у дэмакратычнай супольнасці ў нас таксама хапае. І полк імя Кастуся Каліноўскага — не выключэнне: за паўтара года ў добраахвотнікаў хапае пытанняў да шматлікіх беларускіх апазіцыянераў.

Недавер палка да асобных прадстаўнікоў дэмсілаў абмеркавалі з іх прадстаўніцай Юльянай Шаметавец.

Каму не давяраюць байцы і кіраўніцтва палка Каліноўскага?

Ёсць пэўныя пытанні да BYSOL, было шмат пытанняў да гэтага марафону [“Нам не ўсё адно”. — Еўрарадыё]. Быў момант у пачатку поўнамаштабнай вайны — спроба збіраць грошы. Атрымалася не вельмі добра. Лепш гэтыя пытанні задаваць палку. Але, сапраўды, у іх ёсць пытанні да BySol і Стрыжака. Ёсць таксама пытанні да Сахашчыка. Таксама былі пытанні да Азарава і BYPOL.

Ва ўсіх ёсць магчымасць пагаварыць, растлумачыць, прадаставіць нейкія доказы па тых пытаннях, якія ёсць. На гэта ніякіх забаронаў няма. Ведаю, што спробы былі. Але забароны, што “не, мы нават размаўляць не будзем”, у палка ніколі не было.

Якія пытанні ў палка да Сахашчыка?

Гэта няўдалая праца Сахашчыка ва Украіне. У прынцыпе гэта паўплывала на дабраахвотніцкі рух. Чатыры праекты там не атрымаліся: казалі адно, але па факце было іншае. Ва Украіне вельмі простыя гарызантальныя сувязі паміж байцоў з 2014-га году. Усе факты таго, што робіцца, вельмі проста даведацца. Байцам не зразумела, чаму кажацца адно, а робіцца іншае.  

29 лістапада ў Кіеве пройдзе канферэнцыя “Шлях да волі”, ініцыяваная Фондам Кастуся Каліноўскага. Паводле арганізатараў, гэтае мерапрыемства будзе прысвечанае абмеркаванню стратэгіі вызвалення Беларусі, гарантыям вяртання ўдзельнікаў нацыянальна-вызваленчага руху, а таксама пытанням кампенсацый для пацярпелых ад рэжыму і палітычных зняволеных.

Офіс Ціханоўскай на гэтай канферэнцыі будзе прадстаўляць Лябедзька. Чаму не сама Ціханоўская?

Прапрацоўваўся варыянт сустрэчы з Ціханоўскай. Палку было важна пабачыць і асабіста сустрэцца з Ціханоўскай. Чаму не атрымалася? Прычыны такія ж, як і раней: Офіс чакае афіцыйнага запрашэння ад МЗСу. Запрашэння ад палка недастаткова. Але гэта ім вырашаць — яны, пэўна, аналізуюць усе рызыкі. Хаця, вядома, ахову і ўсё такое полк бы прадаставіў.  

Полк шмат усіх крытыкуе. А ці прадставіць ён сам аўдыт?

Трэба раздзяліць: пытанні да штабу і пытанні да палка. Полк існуе, полк можа даказаць свае дзеянні ва Украіне, байцы атрымліваюць узнагароды ад афіцыйных украінскіх структур.

Што наконт штабу: ведаю, што на канферэнцыі будзе прадастаўлены рэпорт аўдыту па фінансавых пытаннях. Будзе магчымасць паглядзець на тое, як гэты аўдыт праводзіўся і якія вынікі. Пра справаздачу — добрае пытанне. Мы таксама задаем яго палку. Мы лічам, што важна размаўляць з людзьмі і адказваць на гэтае пытанне, і спадзяемся, што гэта будзе неяк скарэктавана.    

Адна з тэм канферэнцыі – вызваленне Беларусі. Якім яго бачыць полк? Толькі сілавы сцэнар?

У палку разумеюць вартасць жыцця, разумеюць, што такое вайна, разумеюць, як гэта страшна, калі нешта падобнае здарыцца ў Беларусі. Ніхто з палка не збіраецца станавіцца ініцыятарам грамадзянскай вайны. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі