Без намёкаў. Гісторыя зацягнутай, але пераможнай барацьбы палякаў з дыктатурай
Часам рэвалюцыі разварочваюцца занадта скарацечна: ужо праз некалькі дзён ад пачатку пратэсту гараць будынкі адміністрацыі. Аднак часам усё праходзіць па зусім іншым сцэнары: мірна, каб пазбегнуць шматлікіх ахвяраў з абодвух бакоў.
Еўрарадыё ў рубрыцы “Без намёкаў” згадвае гісторыю польскай “Салідарнасці” — зацягнутай, але пераможнай барацьбы з камуністычным рэжымам. Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю выпадковыя.
Польшча да “Салідарнасці”
Пасля Другой сусветнай вайны ў Польшчы ўсталяваўся камуністычны рэжым. Масква мела велізарны кантроль над краінай і без яе “сяброўства” ў СССР.
Аднак усеагульнай згоды палякаў з новымі ўладамі не задалося ад самага пачатку. Узброеная партызанская барацьба супраць камуністаў трывала да сярэдзіны 1950-х. Але прыхільнікаў уладаў таксама хапала: у кіраўнічую Польскую аб’яднаную рабочую партыю ўваходзілі да 3 мільёнаў чалавек (насельніцтва Польшчы ў 1950-я — 25–29 мільёнаў).
Тым не менш вялікая колькасць партыйцаў не дапамагла пазбегнуць масавых акцый пратэсту. Амаль штораз яны ўзнікалі праз эканамічныя прычыны: цэны растуць, а заробкі — не.
Першая буйная дэманстрацыя адбылася ўлетку 1956-га ў Познані: у ходзе супрацьстаяння з сілавікамі памерла ад 57 да 74 чалавек. Да нейкіх кардынальных зменаў гэта не прывяло.
Усё паўтарылася на пачатку 1970-х: чарговае падвышэнне цэн моцна адбілася на жыхарах Гданьска, Гдыні, Эльблёнга, Шчэціна, Сопата. Менавіта там пачалі баставаць прадпрыемствы. Тады ў публічнай прасторы ўпершыню з’яўляецца электрык Гданьскай суднаверфі імя Леніна Лех Валенса, які быў адным з лідараў працоўнага руху.
У часе вулічных пратэстаў зноў былі ахвяры — больш за 40 чалавек. Аднак гэтым разам улады пайшлі на саступкі: падвышэнне цэн адмянілі, а некаторым катэгорыям рабочых нават паднялі заробак.
Каб прадухіліць пратэсты ў будучыні, камуністы паспрабавалі падняць узровень жыцця ў Польшчы — і на кароткай дыстанцыі гэта нават атрымалася. Аднак сакрэтам “эканамічнага цуду” была замежная фінансавая дапамога. Пры гэтым Польшча гулялася ў шматвектарную палітыку: і брала крэдыты ў заходніх банках, і прымала субсідыі ад СССР.
Гданьская суднаверф імя Леніна зноў бастуе
У канцы 1970-х Польшча залезла ў даўгавую яму, з якой ужо было цяжка выбрацца. Заходнія банкі адмовіліся спансаваць неэфектыўную польскую сістэму. Улады, якія не змаглі абслугоўваць знешнія даўгі, не прыдумалі нічога лепшага, як зноў падвысіць цэны. 1 ліпеня 1980 года ў краіне даражэе мяса…
Рэакцыя грамадства — прадказальная: масавыя пратэсты. 14 жніўня 1980 года некалькі тысяч рабочых суднаверфі захапілі прадпрыемства і заставаліся на тэрыторыі больш за два тыдні. Да іх далучыліся рабочыя іншых прадпрыемстваў Гданьска, а потым і іншых гарадоў. Гэта паралізавала польскую эканоміку.
Маштабы забастоўкі настолькі ўразілі кіраўніцтва краіны, што яму давялося сесці за стол перамоваў. 31 жніўня Лех Валенса ад руху рабочых і Мечыслаў Ягельскі ад камуністычнай партыі падпісалі Гданьскія пагадненні. Яны прадугледжвалі наступнае: легалізацыя незалежных прафсаюзаў, субота — непрацоўны дзень, павелічэнне мінімальнага заробку, памеру сацыяльных дапамог і пенсій, адмена цэнзуры, усталяванне помніка ахвярам пратэстаў 70-х.
“Салідарнасць” — больш, чым прафсаюз рабочых
У верасні 1980 года зарэгістравана першае легальнае незалежнае аб'яднанне прафсаюзаў "Салідарнасць" пад кіраўніцтвам Валенсы. У яго склад уваходзілі не толькі рабочыя, але і ўсе сацыяльныя групы: ад прадстаўнікоў каталіцкай царквы да інтэлігенцыі.
На піку папулярнасці ў “Салідарнасці” было 9 мільёнаў чалавек — прыкладна 25% насельніцтва Польшчы. Фактычна гэта была адзіная сіла, якая магла весці перамовы з уладамі.
Ваеннае становішча
Падпісаць дамову — гэта адна рэч, а вось пачаць выконваць яе патрабаванні — зусім іншая. Гданьскія пагадненні аказаліся непад’ёмнымі для камуністычных уладаў, якія не збіраліся ісці на кардынальныя змены палітычнай сістэмы.
Заходнія крэдыты ўсё яшчэ трэба было аддаваць, а браць грошы не было адкуль. Гэта прывяло да незваротных наступстваў для ўсёй эканамічнай сістэмы: дэфіцыт тавараў і велізарныя чэргі. Увесну 1981 года была аб'яўлена маштабная забастоўка.
У той жа час “прачнуўся” і Крэмль. Маскву засмуціла сама наяўнасць незалежных прафсаюзаў рабочых у камуністычнай краіне. Маўляў, навошта, калі кіруючая партыя па азначэнні рабочая? СССР загадаў разабрацца з пратэстамі.
У пачатку снежня 1981 года краіны Варшаўскай дамовы прынялі заяву аб "брацкай салідарнасці" з уладамі Польшчы ў барацьбе з "цяжкасцямі". Увечары 12 снежня на ўсёй тэрыторыі Польшчы знікла тэлефонная сувязь. На вуліцы гарадоў увайшла вайсковая тэхніка. Сілавікі пачалі масава затрымліваць лідараў “Салідарнасці”.
Раніцай 13 снежня генерал Войцех Ярузельскі — міністр абароны і першы сакратар Польскай аб'яднанай рабочай партыі — абвясціў пра ўвядзенне ваеннага становішча. Любыя пратэсты жорстка душыліся сілавікамі.
Да канца месяца больш за пяць тысяч апазіцыйных актывістаў, у тым ліку і Валенса, былі затрыманыя.
“Салідарнасць” па-за законам
У выніку ўвядзення ваеннага становішча тысячы палякаў былі вымушаныя эміграваць з палітычных ці эканамічных прычын. Некаторым лідарам ”Салідарнасці” давялося ўцячы з краіны, а тыя, хто застаўся, працягнулі барацьбу.
Лех Валенса правёў год у турме, але і пасля вызвалення яго працягвалі пераследаваць. Калі ў 1983 годзе яму прысудзілі Нобелеўскую прэмію міру, то па ўзнагароду ў Нарвегію паехала ягоная жонка. Сам лідар "Салідарнасці" баяўся, што ён не зможа вярнуцца ў Польшчу.
“Салідарнасць” сышла ў падполле: з масавага грамадскага руху фактычна ператварылася ў сетку таемных груп. Асноўная яе дзейнасць у той час — распаўсюд незалежнай прэсы, каб супрацьстаяць дзяржаўнай прапагандзе.
Ваеннае становішча адмянілі ў 1983 годзе, аднак рэпрэсіі не спыніліся. Сілавікі працягвалі чысткі любога іншадумства. Многіх палітвязняў жорстка збівалі ў турмах.
У той самы час “калектыўны Захад” увёў супраць Польшчы эканамічныя санкцыі. Гэта сур'ёзна падарвала і без таго ледзь жывую польскую эканоміку. Не дапамагла рэжыму і фінансававая падтрымка Масквы.
“Перабудова” ў СССР — новая надзея для палякаў
Пустыя паліцы, дэфіцыт тавараў першай неабходнасці — узровень жыцця ў Польшчы нізкі як ніколі. У 1988-м у краіне праходзіць чарговая хваля пратэстаў. Надзея на вяртанне грамадскіх свабодаў і рэформы ў краіне ўзрастае: у СССР Міхаіл Гарбачоў праводзіць палітыку “перабудовы”.
Пратэстоўцы былі настроеныя рашуча, а сілаў для іх задушэння было недастаткова. Неўзабаве прастойвалі амаль усе фабрыкі, узбярэжжа было паралізаванае забастоўкамі.
У 1989 годзе польскія ўлады адважыліся на перамовы з апазіцыяй. У “круглым стале” прынялі ўдзел 26 прадстаўнікоў “Салідарнасці” і рабочага прафсаюза, 14 сябраў камуністычнай партыі, 14 незалежных экспертаў і 2 прадстаўнікі каталіцкай царквы.
У выніку атрымалася дамовіцца пра правядзенне шэрагу рэформаў, правядзенне выбараў, у якіх упершыню за ўсю пасляваенную гісторыю Польшчы змаглі ўдзельнічаць усе палітычныя партыі. “Салідарнасць” зноў легалізуюць.
Перамовы павінны былі стаць кампрамісам паміж камуністычнай уладай і апазіцыяй. Напрыклад, былы прэм'ер-міністр Войцех Ярузельскі заняў спецыяльна заснаваную пасаду прэзідэнта Польшчы і павінен быў захаваць яе на шэсць гадоў. А ў Сейме замацоўваліся квоты для кіраўнічай Польскай аб'яднанай рабочай партыі.
Штосьці пайшло не так (для камуністаў)
У чэрвені 1989 праходзяць парламенцкія выбары. Поспех “Салідарнасці” перасягнуў усе чаканні: апазіцыйныя кандыдаты занялі 161 месца ў Сейме са 161 магчымых і 99 са 100 у Сенаце!
Пасля гэтага Польская аб'яднаная рабочая партыя і прэзідэнт Ярузельскі не змаглі застацца ва ўладзе. У студзені 1990 года партыя самараспусцілася, а новы ўрад узначаліў сябра "Салідарнасці" Тадэвуш Мазавецкі. На прэзідэнцкіх выбарах 9 снежня таго ж года перамогу атрымаў Лех Валенса.
Калі “Салідарнасць” прыйшла да ўлады, яна не стала пераследаваць лідараў камуністычнай Польшчы. Прэм'ер-міністр Мазавецкі ў знакамітым выступе ў парламенце прапанаваў “правесці пад мінулым тлустую рысу”.
Амаль 10 гадоў спатрэбілася “Салідарнасці”, каб перамагчы камуністычны рэжым у Польшчы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.