Польшча і Нямеччына адмовілі ва ўездзе расійскім "Начным ваўкам"
Удзельнікі байкерскага клуба збіраліся з нагоды ўгодкаў Перамогі праехаць праз шэраг краін Усходняй Еўропы ў Берлін.
24 красавіка Міністэрства замежных спраў Польшчы накіравала дыпламатычную ноту ў расійскую амбасаду ў Варшаве. У ёй расійскі бок быў праінфармаваны пра адмову ва ўездзе на тэрыторыю Польшчы групе матацыклістаў з клуба "Начныя ваўкі". У дакуменце адзначаецца, што "падставай для такога рашэння стала адсутнасць неабходнай, дакладнай інфармацыі аб раскладзе знаходжання групы ў Польшчы".
Нагадаем, раней стала вядома, што выдадзеныя расійскім байкерам візы анулюе і Нямеччына.
"Начныя ваўкі" планавалі праехаць на ўгодкі Перамогі па тэрыторыі Расіі, Беларусі, Польшчы, Славакіі, Чэхіі, Аўстрыі і Нямеччыны — да Берліна. Раней прадстаўнікі ўладаў Польшчы назвалі гэтую акцыю правакацыяй. Як вядома, "Начныя ваўкі" актыўна ўдзельнічалі ў захопе Расіяй украінскага Крыма.
Некаторыя беларускія апазіцыйныя структуры выступілі з патрабаваннем да ўладаў Беларусі не прапускаць праз сваю тэрыторыю "Начных ваўкоў".
Дазволу праводзіць масавае мерапрыемства ў Беларусі “Начныя ваўкі” не бралі
Фота: obitel-minsk.by