Польшча хоча зрабіць плот на сваёй мяжы непраходным
Беларуска-польская мяжа
Польская памежная служба мадэрнізуе плот на мяжы з Беларуссю, піша мясцовае выданне WNP. Кантракт з кампаніяй, якая будзе займацца ўмацаваннем збудавання, ужо падпісаны.
"Мадэрнізацыя адназначна ўскладніць і нават прадухіліць расцяжэнне пралётаў (плота) аўтамабільнымі дамкратамі. А гэта цяпер самы распаўсюджаны спосаб спробаў фарсіраваць мяжу", — кажа намеснік кіраўніка Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Мацей Душчык.
Будаўніцтва сталёвага плота на мяжы Беларусі і Польшчы было завершанае ў чэрвені 2022 года. Гэты бар'ер расцягнуўся на 186 кіламетраў, яго вышыня — больш за пяць метраў.
Плануецца таксама ўзмацніць электронныя сродкі абароны мяжы, дадаць больш камер сачэння. Таксама будзе ўсталяванае дадатковае асвятленне памежнай тэрыторыі.
Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і ЕС пачаўся ў 2021 годзе. У траўні 2024 года смяротнае раненне атрымаў польскі салдат, задзейнічаны ў ахове мяжы. Ён атрымаў удар нажом з боку беларускай мяжы, калі спрабаваў затрымаць мігранта. У сталёвым плоце на мяжы мігранты прарабілі пралом, і салдат спрабаваў шчытом перакрыць яго. У гэты момант яго ўдарылі нажом.
МЗС Польшчы запатрабаваў ад Беларусі выдаць чалавека, якога падазраюць у забойстве салдата.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.