Польшча прапануе Еўрасаюзу ўвесці 30% пошліны на ўгнаенні з Беларусі і Расіі
Угнаенні, ілюстрацыйнае фота
Польшча хоча, каб Еўрасаюз увёў 30-адсоткавую пошліну на імпарт угнаенняў з Беларусі і Расіі, піша РАР.
Міністэрства дзяржмаёмасці Польшчы просіць, каб Міністэрства развіцця і тэхналогій падало адпаведную заяўку ў Еўракамісію. Польскія ведамствы пачалі ўжо "дыпламатычныя дзеянні ў гэтым пытанні", адзначае сайт money.pl.
Як адзначае money.pl са спасылкай на афіцыйную статыстыку, за сем месяцаў 2024 года Польшча імпартавала з Беларусі 185,5 тысячы тон угнаенняў. У 2023-м за той жа перыяд імпарт склаў усяго 13,4 тысячы тон. За год павелічэнне імпарту склала 14 разоў. Вырас імпарт угнаенняў і з Расіі: сёлета было 721,5 тысячы тон — супраць 246,7 тысячы тон летась. Рост склаў 2,9 разу.
Тым часам польскі вытворца ўгнаенняў Grupa Azoty нясе страты: сёлета ў першым паўгоддзі кампанія пазбавілася 748 мільёнаў злотых (каля 187 мільёнаў долараў). У кампаніі адзначаюць, што ў Беларусі і Расіі ўгнаенні вырабляюцца са значна меншымі выдаткамі на газ і не абкладаюцца імпартнымі мытамі, як у ЕС. Польскія вытворцы папярэджваюць, што ЕС трапляе ў залежнасць ад угнаенняў з Беларусі і Расіі. Гэта, як мяркуюць у польскай кампаніі, можа мець наступствы для харчовай бяспекі Еўрасаюза.
Па выніках першага паўгоддзя, адзначае "Позірк", Беларусь займае трэцяе месца па аб’ёме паставак азотных угнаенняў у Польшчу. Нашу краіну апярэджваюць толькі Расія і Германія.
Па пастаўках камбінаваных угнаенняў у Польшчу ў студзені-чэрвені 2024 года Беларусь апынулася на шостым месцы. Яна саступіла Марока, Расіі, Фінляндыі, Нідэрландам і Літве.
У спісе пастаўшчыкоў калійных угнаенняў Беларусі няма — гэта, мяркуючы па ўсім, звязана з еўрапейскімі санкцыямі супраць "Беларуськалію".
Агулам доля беларускіх мінеральных угнаенняў у Польшчы сёлета ў першым паўгоддзі склала 6,9%. Наша краіна займаеп з гэтым паказчыкам чацвёртае месца, саступаючы Расіі (29,2%), Германіі (20,8%) і Літве (7,6%).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.