Пра гібель яшчэ аднаго мігранта на мяжы паведамляюць польскія ўлады

Мігранту, што загінуў на мяжы, было 19 гадоў / pap.pl
Мігранту, што загінуў на мяжы, было 19 гадоў / pap.pl

Яшчэ адзін мігрант загінуў на беларуска-польскай мяжы, паведамляюць польскія улады. Яго цела ратавальнікі дасталі з ракі Буг. Рака ў гэтым месцы ўяўляе сабой прыродную мяжу паміж Польшчай і Беларуссю. Загінуламу было 19 гадоў, ён — з Сірыі.

"Яго асобу пацвердзіў іншы малады мужчына, з якім яны днём раней спрабавалі нелегальна пераправіцца праз раку Буг. Разам з целам знойдзеныя дакументы", цытуе прэс-сакратара галоўнага каменданта паліцыі ў Любліне Анджэя Фіёлека агенцтва ТАСС.

Паліцыя цяпер спрабуе ўстанавіць абставіны смерці маладога чалавека.

Гэта далёка не першая смерць мігранта на мяжы. Загінулых людзей знаходзілі і на польскай, і на беларускай тэрыторыі. Прычынамі смерці называліся пераахаладжэнне, сардэчны прыступ.

Міграцыйны крызіс стане адным з пытанняў, якія сёння і заўтра будуць абмяркоўваць на саміце лідараў ЕС. У Еўрасаюзе салідарныя з пазіцыяй Польшчы, Літвы і Латвіі, што да сітуацыі з мігрантамі датычныя беларускія ўлады. У Германіі ўжо пачалі расследаванне з гэтай нагоды. У прыватнасці, нямецкія следчыя прытрымліваюцца меркавання, што "з дапамогай арганізаванай на дзяржаўным узроўні перавозкі мігрантаў" Аляксандр Лукашэнка хоча шантажаваць Еўропу, каб дамагчыся зняцця санкцый.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі