Прадаўшчыца: Калі будзе напісана, што часнок кітайскі, кітайцы не купяць!
Еўрарадыё паглядзела кошты на гародніну, зеляніну, ягады і грыбы на “Камароўцы”.
Ледзь не ля кожнага латка на "Камароўцы", дзе кошты больш — натоўп пакупнікоў.
“Клубніцы з Брэста! Міша, адкуль у нас клубніцы?” — ля прадаўшчыцы з беларускімі клубніцамі натоўп народу. Кошт — 35 тысяч за кіло. Той самы Міша падыходзіць да мяне і робіць міні-прэзентацыю прадукцыі.
“Фермерская гаспадарка пад Іванавам. Паглядзіце, вось яна ў пяску! Хіба такая імпартная будзе? Не! Вырошчваем як? Мы яе пад плёначку, калі халодна, потым плёнку знімаем! Вось пакаштуйце, я вам зараз імпартную прынясу!” — Мішу ўжо не спыніць!
Мужчына бажыцца, што і дакументы ў яго ёсць, але не паказвае. Адводзіць у бок, просіць выключыць дыктафон і раскрывае хітрыкі гандляроў. Міша прапаноўвае мне спытаць дакументы на клубніцы ў тых, у каго польская. І нават тлумачыць, чаму гандляры так махлююць: выбіраючы паміж грэцкімі ці польскімі, пакупнікі цягнуцца да польскіх ягадаў, бо тыя быццам бы чысцейшыя за грэцкія.
На паверку ж аказваецца, што не толькі клубніцы не з Польшчы — яны сапраўды з Грэцыі, але і беларускія яблыкі… не з Беларусі.
“Купляйце яблычкі! Яблыкі беларускія”, — прапаноўвае мне бабулька. Нават на паперцы напісана, што яблыкі беларускія! Яблыкі адзін да аднаго, выглядаюць бы з карцінкі — дызайнерская праца! Але калі прашу паказаць дакументы, бабулька-такі праўду гаворыць:
“Ну мо і з Польшчы яблыкі”.
А яе суседка, у якой яблыкі такія ж беларускія, тлумачыць кемлівасць: калі напішаш, што не беларускія, — пакупнікі ўцякаюць. Сярэдні кошт такіх яблыкаў — 12 тысяч рублёў.
Самыя ж хадавыя ягады на кірмашы зараз — чарэшні.
“Учора былі першыя чарэшні з Малдовы. Не паўсюль жа гэтак халодна было, як у нас увесь час”, — кажа прадаўшчыца, ягады з Малдовы яна прадае па 35 тысяч рублёў. Яшчэ на рынку ёсць чарэшні з Узбекістана — яны саладзейшыя і трохі даражэйшыя. Сярэдні кошт — 35 тысяч рублёў, хоць ёсць варыянты і за 120, і нават за 380 тысяч рублёў за кіло!
Першыя абрыкосы прадаюць за 28-30 тысяч за кіло. На Камароўскім рынку нечакана сустракаю нават кавун!
Прадаўшчыца запэўнівае, што зараз купляць яго можна, але ж 25 тысяч за кіло!
Акрамя клубніц, на кірмашы бачу першыя грыбы — чырвонагаловікі! Прадаўшчыца кажа, што грыбы самыя свежыя — збірала ўчора і прадае паўлітра за 100 тысяч рублёў. Пакуль жадаючых з’есці суп са свежымі грыбамі няма.
Пакупнікі актыўна бяруць зеляніну-гародніну. Памідоры на "Камароўцы" прадаюць па 16 тысяч за кілаграм, а самыя дарагія — па 19 тысяч рублёў, агуркі таннейшыя — іх можна набыць за 14 тысяч рублёў. Большасць агуркоў — з Пінска і Століна.
Ляжаць і баклажаны за 25 000 рублёў за кіло, і кабачкі з Украіны — за 7-9 тысяч за кіло. Кроп на кірмашы прадаюць па 8-10 тысяч рублёў, радыску — па 8-15 тысяч рублёў, зялёную цыбулю — па 1,5 тысячы за 100 грам. Але найбольш мне даспадобы часнок. Хоць і па 40 тысяч рублёў за кіло. Прадаўшчыца кажа, што часнок — украінскі, і адзначае, што кітайскі ніхто асабліва не купляе.
“Кітайцы не купляюць кітайскі часнок. Мы ім кажам, што ў нас беларускі”, — шчыра прызнаецца жанчына. Вось хто падтрымае лозунг “Купляйце беларускае!” — кітайцы!
Напрыканцы знаходжу традыцыйны беларускі прадукт — бульбу.
“З Краснадара бульба. Па кілаграм-два-тры бяруць”, — кажа жанчына, што прадае маладую бульбу па 16-18 тысяч рублёў за кілаграм. У сярэднім жа пакаштаваць маладую бульбу можна за 15 тысяч рублёў.