Прадпрыемствы Брэстчыны аднавілі пастаўкі ў Расію

Усе мяса- і малакаперапрацоўчыя прадпрыемствы Брэстчыны пастаўляюць прадукцыю ў Расію. Выключэнне складае толькі Брэсцкі мясакамбінат. Пра гэта інфармуе БЕЛТА са спасылкай на галоўнага ветэрынарнага лекара аддзела ветэрынарыі камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама Серафіма Вабішчэвіча.

Спецыяліст адзначыў, што з расійскага боку былі пэўныя прэтэнзіі да прадукцыі, таму Беларусь сама часова прыпыніла адпраўку прадукцыі з Брэсцкага мясакамбіната. Цяпер прадпрыемства паставілі на ўзмоцнены кантроль. Па словах Вабішчэвіча, пастаўкі мясакамбіната ў Расію могуць аднавіцца неўзабаве.

Тым часам такія прадпрыемствы, як "Інка-Фуд", "Еўра Трэйд", Бярозаўскі мясакамбінат, да якіх выказваў прэтэнзіі Расспажыўнагляд, аднавілі пастаўкі ў Расію. Разам з Брэсцкім мясакамбінатам яны таксама знаходзяцца на ўзмоцненым кантролі. Гэта азначае, што з кожнай партыі прадукцыі, якая ўвозіцца ў Расію, ідзе даследаванне пробаў.

Нагодай для кантролю на Брэсцкім мясакамбінаце эксперты называюць нестандартны выпадак. Па іх словах, у Расію ішла партыя з 20 тон ялавічыны. Прэтэнзіі з'явіліся толькі па адной тушы, якую прадалі прыватніку, які гандлюе на рынку. "Невядома, як ён яе дастаўляў і захоўваў. Яго працоўнае месца, мякка кажучы, не адпавядае нашым ні санітарным, ні ветэрынарным патрабаванням. Для разбору ў Расію выязджаў галоўны ветлекар вобласці разам з прадстаўнікамі камбіната", — кажа Вабішчэвіч.

Фота — ej.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі