Прадпрымальнікам адмовілі ў правядзенні мітынгу з-за свята, якога не будзе?

Віцебскі гарвыканкам адмовіў індывідуальным прадпрымальнікам ў правядзенні мітынгу, падчас якога яны хацелі прыцягнуць увагу мясцовых уладаў да праблемаў малога бізнэсу. Паводле словаў намесніка старшыні рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Перспектыва" Анатоля Шапавалава, гарвыканкам матывуе сваё рашэнне тым, што на дзень, на які была пададзена заява, у парку імя 30-годдзя ВЛКСМ запланавана гарадское спартовае свята "Дзень здароўя".

Нагадаем, прадпрымальнікі хацелі выйсці на мітынг у панядзелак, 29 кастрычніка, з 13 да 15 гадзін.

Нашая карэспандэнтка Ядвіга Сташэўская паспрабавала даведацца, што ж за свята стала перашкодай для акцыі прадпрымальнікаў:

“Мы патэлефанавалі ў дзіцяча-юнацкую спартовую школу "Камсамолец", што месціцца на тэрыторыі парку і ў лісце з гарвыканкама адзначана як адно з месцаў правядзення свята.

Дзяўчына-адміністратар вельмі здзівілася, калі пачула, што ў панядзелак там павінна адбывацца нешта незвычайнае. Паводле адміністратара, на панядзелак у "Камсамольцы" запланаваныя толькі заняткі спартовых секцыяў”.


Анатоль Шапавалаў распавёў, што ніякіх несанкцыянаваных акцый віцебскія прадпрымальнікі праводзіць не збіраюцца, але абавязкова прыйдуць паглядзець на спартовае свята.

Дарэчы, паводле словаў Шапавалава, планавалася, што ў мітынгу возьмуць удзел не менш за 500 чалавек.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі