Прадстаўніца Мінадукацыі: У школьную форму не ўвядуць кеды
У Мінску да новага навучальнага года, прадставілі ўзоры школьнай формы. Я апрануў кеды і пайшоў на прэс-канферэнцыю, прысвечаную школьнай вопратцы — "пратэставаць" чыноўнікаў на сабе.
Форма ў беларускіх школах лічыцца абавязковай. Ва ўстановах адукацыі не любяць назву “школьная форма” і падкрэсліваюць, што гэта "афіцыйна-дзелавы стыль адзення".
У прадстаўніцы Міністэрства адукацыі Ірыны Булаўкінай я запытаўся, ці магчыма ўвядзенне менш фармальнай вопраткі ў школах. Бо ўжо даўно прадстаўнікі самых паспяховых дзелавых колаў па ўсім свеце на сустрэчы і перамовы не апранаюць гальштукі і нават прыходзяць у кедах.
Еўрарадыё: Ці можа Міністэрства адукацыі зрабіць афіцыйна-дзелавую вопратку ў школе менш фармальнай. І ўвесці, да прыкладу, кеды? Вось такія, якія на мне цяпер. Увогуле мяне пусцяць у школу ў тым выглядзе, ў якім я цяпер знаходжуся перад вамі?
Ірына Булаўкіна: (Смяецца). Школа — гэта дзяржаўная ўстанова адукацыі. І дзіця, прыходзячы туды, мусіць разумець, што дарослыя ходзяць на працу, а ён ідзе ў школу. Тут ёсць свае патрабаванні і ён мусіць выглядаць адпаведна. Канешне, кеды можна выкарыстоўваць, але на занятках фізкультуры. Гэта будзе больш правільна. Увесь дзень нават медыкі не будуць рэкамендаваць хадзіць у спартовым абутку ва ўстанове адукацыі. Для здароўя дзіцяці важна, каб абутак быў гіграскапічным, дыхаючым і камфортным. Таму лепш насіць красоўкі і кеды на ўроках фізкультуры.
Еўрарадыё: Хто пільнуе модныя трэнды і абірае, якой мусіць быць калекцыя школьнага адзення?
Ірына Булаўкіна: Кожная установа адукацыі мае свой Савет. Туды ўваходзіць адміністрацыя, бацькі і нават навучэнцы. Яны і выбіраюць, як мусіць выглядаць дзелавы стыль адзення для гэтай установы. Яны могуць абраць і колеры адзення і той жа абутак. Калі некаторыя бацькі ці дзеці не згодныя, шукаюць кампраміс. Навязаць пэўнае меркаванне нельга.
Еўрарадыё: То бок, тэарэтычна, калі ўсе бацькі Савета выступяць за кеды, іх змогуць увесці ў афіцыйна-дзелавы стыль школы?
Ірына Булаўкіна: Тэарэтычна, усе бацькі не будуць за кеды. Бо ў нас пісьменныя бацькі і яны разумеюць, што ў першую чаргу для дзіцяці важнае здароўе. Мяркую, такога не будзе.
Акрамя гэтага намеснік міністра гандлю Вячаслаў Драгун адказаў на пытанне журналістаў, як ведамства будзе пераконваць бацькоў, якія вязуць школьную вопратку для дзяцей з Еўропы, а не купляюць сваё:
“Мы не збіраемся нікога пераконваць, гэта выбар любога грамадзяніна”.