Прадстаўніцтва ЕС зноў заклікала Беларусь увесці мараторый на смяротную кару

Прадстаўніцтва ЕС зноў заклікала Беларусь увесці мараторый на смяротную кару

Прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі выступіла з заявай, у якой заклікала кіраўніцтва нашай краіны ўвесці мараторый на смяротную кару. Пра гэта паведамляе праваабарончы сайт "Вясна"

Нагодай для заявы стаў смяротны прысуд, вынесены 17 сакавіка Аляксею Міхаленю. Яго асудзілі за жорсткае забойства брата і сястры ў 2016 годзе. У заяве Прадстаўніцтва ЕС гаворыцца, што гэта "супярэчыць абавязальніцтву, узятаму на сябе ўладамі, разгледзець пытанне ўвядзення мараторыю на прымяненне смяротнай кары".

У заяве выказваюцца глыбокія спачуванні родным і блізкім ахвяраў.

Разам з тым ЕС выступае супраць смяротнай кары ва ўсіх выпадках без выключэнняў. "Смяротнае пакаранне ўяўляе сабой непрымальнае адмаўленне чалавечай годнасці і не стрымлівае злачыннасць", — падкрэсліваецца ў дакуменце.

Еўрасаюз чарговы раз заклікае беларускія ўлады далучыцца да глабальнага мараторыю на смяротнае пакаранне. Гэты мараторый павінен стаць першым крокам да адмены вышэйшай меры пакарання.

Акрамя таго, у заяве гаворыцца: "Заўважныя крокі з боку Беларусі да забеспячэння ўніверсальных асноўных свабодаў, вяршэнства права і правоў чалавека, у тым ліку ў дачыненні да праблемы смяротнага пакарання, па-ранейшаму будуць ключавым пытаннем пры фармаванні будучай палітыкі ЕС у дачыненні да Беларусі".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі