Прадстаўнік Ватыкана сустракаўся ў Мінску з "духоўнікам Лукашэнкі"
Сталі вядомы падрабязнасці чатырохдзённага візіту ў Беларусь сакратара па адносінах з дзяржавамі Дзяржаўнага Сакратарыяту Ватыкана арцыбіскупа Пола Рычарда Галахера. 11 верасня ён сустракаўся з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем. Як піша vaticannews.va, "асаблівая ўвага была ўдзелена пытанню паляпшэння рэалізацыі духоўнай місіі Касцёла на карысць усіх грамадзян". Пра абмеркаванне праблемы пра перашкоды ў вяртанні ў Беларусь арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча згадкі няма (МУС праводзіць праверку наконт магчымых парушэнняў у атрыманні ім беларускага грамадзянства).
12 верасня прадстаўнік Ватыкана сустракаўся з каталіцкімі біскупамі Беларусі, пасля пабываў у праваслаўным кафедральным саборы Мінска і ў Духоўнай акадэміі. 13 верасня ватыканская дэлегацыя "з прыватным візітам" наведала мінскі Храм-помнік у гонар Усіх святых. Там адбылася сустрэча з яго настаяцелем, протаіерэем Фёдарам Поўным (яго называюць "духоўнікам Лукашэнкі", нагадвае Радыё Свабода). "Візіт дазволіў лепш зразумець гісторыю беларускага народа і багацце яго праваслаўных хрысціянскіх традыцый, цесна аб’яднаныя паміж сабой", — адзначаецца ў справаздачы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.