Прадзюсарскі цэнтр нявесткі Лукашэнкі запусціў свой відэапрадакшн

“Музычная медыякампанія”

“Музычная медыякампанія” / @rubanau_collage

“Музычная медыякампанія”, намесніцай дырэктара якога з’яўляецца Таццяна Кулакова (родная сястра Ганны Лукашэнка, жонкі Дзмітрыя Лукашэнкі), запусціла ўласны відэапрадакшн. Як высветліла “Бюро”, прадзюсарскі цэнтр ужо адпрацаваў некалькі дзяржзамоваў.

Да прыкладу, у кастрычніку яны прэзентавалі іміджавы кліп Беларускага металургічнага завода на песню “Мацнейшыя за сталь”. Ролік быў прысвечаны саракагоддзю прадпрыемства, аўтаркай песні стала сама Ганна Сялук (псеўданім Ганны Лукашэнка).

Здымкі роліка праходзілі ў гарачых цэхах жлобінскага гіганта машынабудаўніцтва з удзелам супрацоўнікаў прадпрыемства, а новы “гімн БМЗ” выканалі артысты, якія супрацоўнічаюць з “Музычнай медыякампаніяй”: гурт Cosa Nostra, Вікторыя Алешка, Ганна Благава, Андрэй Цямчык і саліст арт-гурта “Беларусы” Валер Шмат.

Акрамя таго, у гонар юбілею БМЗ запрашаў беларусаў на святочны канцэрт у Жлобіне, дзе былі анансаваныя “зоркі” ўсё той жа “Музычнай медыякампаніі”, а хэдлайнерам гарадской вечарынкі стаў расійскі спявак Niletto.

“Бюро” таксама знайшло камерцыйныя ролікі вытворчасці “Музмедыя прадакшну” для іншых буйных беларускіх машынабудаўнічых холдынгаў: “Белшыны”, Магілёўскага аўтамабільнага завода (МААЗ) і БелАЗа.

Прадзюсарскі цэнтр нявесткі Лукашэнкі запусціў свой відэапрадакшн
Бэкстэйдж са здымак кліпа для БМЗ / Instagram

Акрамя дзяржпрадпрыемстваў відэапрадакшн “Музычнай медыякампаніі” ўжо зрабіў кліпы і сваім выканаўцам: Аляксандры Мелех, трыа “Ружовыя ружы”, Леры Бернатовіч & Арцёму Скаролю і Вользе Козыр.

Як высветліла “Бюро”, “Музычная медыякампанія” належыць Палацу рэспублікі Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі (30%) і прыватнай кампаніі “АНСЛ прадакшн” (70%).

Апошняя запісаная на Андрэя Урублеўскага (95%) — аднаго з падначаленых Дзмітрыя Лукашэнкі. Урублеўскі быў дырэктарам Клуба тэніса, якім валодае Прэзідэнцкі спартовы клуб пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Лукашэнкі, і не раз лётаў з сям’ёй свайго начальніка на бізнес-джэтах.

Імаверна, Урублеўскі выконвае ў “АНСЛ прадакшн” функцыю намінальнага ўладальніка, каб схаваць удзел у кампаніі жонкі свайго патрона.

Абрэвіятура АНСЛ вельмі нагадвае ініцыялы жонкі сярэдняга сына Лукашэнкі — АНна (па-руску) Сяргееўна Лукашэнка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі