Прафесар Пяткевіч: у Быкава не было шанцаў на Нобеля

Прафесар Аляксей Пяткевіч, выкладчык Гродзенскага універсітэта імя Янкі Купалы, лічыць, што Васіль Быкаў не меў шанцаў атрымаць Нобелеўскую прэмію па літаратуры. Пра гэта ён распавёў карэспандэнту Еўрарадыё перад прэзентацыяй манаграфіі Сяргея Шапрана “Васіль Быкаў: гісторыя жыцця”. Аляксей Пяткевіч: "Справа ня ў Быкаву, справа ў Беларусі. Быкаву цяжка было выйсці на пазіцыю, з якой яго маглі атэставаць як прэтэндэнта на Нобеля. Беларусь увогуле тады не існавала як этнічная адзінка, тым больш дзяржаўная. Чый гэта пісьменнік увогуле? Яго разглядалі як частку рускай літаратуры, савецкай. Гэта, бясспрэчна, перашкаджала. Нобелеўскую прэмію проста так не даюць за талент, за кнігі. Павінна быць нейкая асоба, якая прадстаўляе народ, нейкую супольнасць. А гэтую нашую супольнасць нацыянальную ніхто не бачыў. І нават сёння не бачаць, а што гаварыць пра той час… Гэта адна з прычын, я думаю, сур’ёзных".

За два дні да смерці Быкава гродзенцы хацелі намінаваць яго на Нобелеўскую прэмію. 23 чэрвеня 2003 г. сябры Гродзенскага гарадскога аб’яднання вэтэранаў вайны, працы і Ўзброеных Сіл меліся правесці сход, але не паспелі.

Прафесар Пяткевіч распавёў аб гэтым карэспандэнту Еўрарадыё напярэдадні сустрэчы з Сяргеем Шапранам, аўтарам двухтомніка “Васіль Быкаў: гісторыя жыцця”. Першы том выдадзены ў красавіку. У ім 734 старонкі і шмат здымкаў, большая частка з якіх друкуецца ўпершыню. Том змяшчае невядомыя архіўныя матэрыялы, рукапісы і лісты Васіля Быкава,  успаміны Чынгіза Айтматава, Святланы Алексіевіч, Генадзя Бураўкіна, Міхаіла Гарбачова, Зянона Пазьняка, Станіслава Шушкевіча. Другі том павінен выйсці ў чэрвені, да 85-й гадавіны з дня нараджэння пісьменніка. Кніга "Васіль Быкаў: Гісторыя жыцця" — супольны праект “Гарадзенскай бібліятэкі” і “Бібліятэкі Бацькаўшчыны”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі