Пракуратура Гродна патрабуе ад дзіцячага хоспіса вызваліць памяшканні
Гродзенскі дзіцячы хоспіс / з архіва Svaboda.org
Пракуратура падала ў эканамічны суд пазоў да Гродзенскага дзіцячага хоспіса з патрабаваннем вызваліць памяшканні. Гаворка ідзе пра некалькі кабінетаў у гарадской паліклініцы №2, якія хоспіс арандаваў, і вестыбюль з калідорам, якія ў траўні 2020 грамадская дабрачынная арганізацыя, паводле версіі пракуратуры, заняла "самавольна", і арганізавала там "швейную вытворчасць".
На гэтай "швейнай вытворчасці" падапечныя хоспіса — дзеці з інваліднасцю — адшывалі ахоўныя касцюмы для лекараў, якія змагаліся з каранавірусам.
У пракуратуры нагадалі, што "ўжо амаль 4 месяцы супрацоўнікі хоспіса ў будынку дзіцячай паліклінікі не працуюць, а раней выкарыстаныя імі памяшканні зачыненыя і арэндадаўцу не здадзеныя".
Кіраўніцтва паліклінікі прасіла аб датэрміновым скасаванні дамовы арэнды, але "атрымаць згоду другога боку не ўдалося", таму і быў пададзены пазоў, патлумачылі ў пракуратуры.
Там таксама нагадалі, што ў дачыненні да дырэктара Гродзенскага дзіцячага хоспіса 1 снежня 2020 года была ўзбуджаная крымінальная справа па факце крадзяжу маёмасці грамадскай арганізацыі, але "у цяперашні час яна хаваецца ад органаў папярэдняга расследавання і знаходзіцца за межамі Беларусі".
Хоць яшчэ ў верасні дырэктар хоспіса Вольга Вялічка гаварыла Еўрарадыё, што не збіраецца нікуды з'язджаць. Хоць праблемы ў хоспіса і ў яе самой да таго моманту ўжо пачаліся.
"Чаму я павінна ехаць са сваёй зямлі за мяжу? У мяне тут дом, у мяне тут пахаваныя дзяды і прадзеды, у мяне дом у вёсцы. У мяне тут ёсць праца, і я на сваім месцы. Я займаюся тым, чым хачу займацца, і ў мяне нядрэнна атрымліваецца ўжо 13 гадоў. Чаму я павінна кудысьці ехаць?", — казала Вольга Вялічка ў верасні.
У гэтую палітычную кампанію Вольга заняла актыўную грамадзянскую пазіцыю, працавала ў штабе Віктара Бабарыкі і была незалежным назіральнікам на выбарах. Увосень у хоспіс прыйшлі з Дэпартамента фінансавых расследаванняў, была пачата праверка. У выніку дзейнасць арганізацыі давялося прыпыніць.
Гродзенскі дзіцячы хоспіс быў дабрачыннай арганізацыяй, існаваў на ахвяраванні і дапамагаў каля 70 сем'яў з невылечна хворымі дзецьмі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.