Лякарня брала з хворых грошы за падзарадку мабільнікаў. Ёю занялася пракуратура

Лякарня брала з хворых грошы за падзарадку мабільнікаў. Ёю занялася пракуратура

Пракуратура Міёрскага раёна выявіла, што ў раённай лякарні дапускаюць парушэнні пры збіранні платы з пацыентаў. Пра гэта агенцтву БЕЛТА паведаміў пракурор Міёрскага раёна Іван Воўчык.

Загадам галоўнага лекара раённай лякарні яшчэ ад 29 траўня 2015 года быў зацверджаны пералік платных паслуг. Быў у гэтым спісе і такі пункт, як "выкарыстанне ўласных электрапрыбораў". У прэйскуранце было пазначана, што 1 гадзіна карыстання тэлевізарам, ноўтбукам або планшэтам, падлучаным да электрасеткі, каштуе 9 капеек. Зарадка мабільніка або карыстанне электрычным чайнікам абыходзілася ўладальніку ў 20 капеек, а карыстанне радыёпрыймачом — у 7 капеек. "Выкарыстанне ўласных электрапрыбораў ў адпаведнасці з дзейным заканадаўствам медыцынскай паслугай не з'яўляецца", — падкрэсліў Іван Воўчык.

Пракуратура запатрабавалі спыніць неабгрунтаванае збіранне платы за выкарыстанне ўласных электрапрыбораў. Вінаватыя асобы павінныя быць прыцягнутыя да адказнасці.

Дарэчы, пракурорская праверка бліжэйшым часам плануе зноў наведаць лякарню, каб спытацца ў пацыентаў, ці змянілася сітуацыя. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі