Пракурор пачаў справу на мужчыну, які пабіў трохгадовага сына
Пракуратура Жлобінскага раёна пачала крымінальную справу на 37-гадовага жыхара вёскі Дворышча, які пабіў свайго трохгадовага сына.
Па звестках праваахоўнікаў, увечары 3 лістапада 2018 года мужчына не менш за сем разоў стукнуў дзіця па розных частках цела. Экспертыза паказала, што хлопчык атрымаў лёгкія цялесныя пашкоджанні, якія пацягнулі кароткачасовы разлад здароўя.
Маці хлопчыка патлумачыла ў пракуратуры, што не хоча прыцягваць мужа да адказнасці, таму што баіцца яго і мяркуе, што ён можа прычыніць шкоду яе здароўю. Пракурор Жлобінскага раёна Рыгор Яхнавец расцаніў такія паводзіны маці як няздольнасць самастойна абараняць правы і законныя інтарэсы сына. Таму ён пачаў на бацьку дзіцяці крымінальную справу за наўмыснае прычыненне лёгкага цялеснага пашкоджання, якое пацягнула за сабой кароткачасовы разлад здароўя. Расследаваннем справы зоймецца Следчы камітэт.
Адначасова пракуратура пачала праверку ўмоваў пражывання дзіцяці ў сям'і.
Паведамляецца, што бацька хлопчыка нідзе не працаваў, раней неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за дробнае хуліганства, правапарушэнні супраць бяспекі руху і эксплуатацыі транспарту.