Суд вызначыў дні сустрэч маці і яе дачкі, якую выхоўвае тэлезорка Лушчык

Суд вызначыў дні сустрэч маці і яе дачкі, якую выхоўвае тэлезорка Лушчык

У судзе Цэнтральнага раёна Мінска вынесенае рашэнне па гучнай справе. Уплывовы бізнесмен Андрэй Герашчанка (муж тэледзівы Люцыі Лушчык) і яго былая жонка Ілона Герашчанка вызначалі рэжым сустрэч з іх супольнай 8-гадовай дачкой.

Суд пастанавіў, што родная маці можа бачыць дзіця кожныя аўторак і пятніцу па чатыры гадзіны (з 13.00 да 17.00). Па выхадных сустрэчы могуць адбывацца у першыя і трэція суботы ды нядзелі месяца. Агулам у чэрвені Ілона Герашчанка можа бачыцца з дачкой цягам 44 гадзін. Увесь астатні час дзіця будзе вучыцца, наведваць кружкі і быць разам з бацькам і мачыхай.

Сустрэчы маці і дачкі павінны адбывацца ў прысутнасці бацькі ды спецыяліста з раённага аддзела адукацыі.

Суд вызначыў дні сустрэч маці і яе дачкі, якую выхоўвае тэлезорка Лушчык

“Паўтара года я не магла бачыцца з дачкой. Таму я шчаслівая, што вызначылася хоць нешта, і я дакладна ведаю, што ў жыцці дзіцяці ёсць час, у які ніхто не можа мне перашкодзіць з ёй быць. Няхай нават цяпер гэта вылічваецца гадзінамі. Вельмі спадзяюся, што гэта рашэнне пачне выконвацца як мага хутчэй”, — рэагуе на рашэнне суда Ілона Герашчанка.

Жанчына лічыць, што ў хуткім часе праз паводзіны яе былога мужа стане зразумела, ці жадае ён, каб дзяўчынка мела паўнавартасныя адносіны з маці.

Нагадаем, што грамадскасць даведалася пра гэты судовы працэс летась у снежні. Пачалося з таго, што беларускі інтэрнэт скалынула відэа, на якім асоба, падобная да Люцыі Лушчык, абражае і правакуе іншую жанчыну ў прысутнасці маленькай дзяўчынкі.

Суд вызначыў дні сустрэч маці і яе дачкі, якую выхоўвае тэлезорка Лушчык
Скрын-шот з таго самага відэа

Аказалася, што відэа непасрэдна звязанае з судамі паміж уплывовым бізнесменам Андрэем Герашчанкам і яго былой жонкай Ілонай. Год таму суд Цэнтральнага раёна Мінска вызначыў месца жыхарства для дзіцяці разам з бацькам. Абгрунтоўвалася гэта тым, што ў яго большая кватэра (пяціпакаёўка супраць трохпакаёўкі ў маці), што да гэтага дзяўчынка навучалася ў маскоўскай школе, сертыфікат якой не прызнаецца ў нас, і што дзяўчынка больш схіляецца да таты. Ілона Герашчанка скардзілася на тое, што гэтая “болшая схільнасць” з'явілася таму, што ёй папросту не дазвалялі бачыцца з дачкой.

Падчас аднаго з судовых разбіральніцтваў сам Андрэй Герашчанка так пракаментаваў Еўрарадыё словы былой жонкі:

“Праблема ў тым, што Ілона Генадзеўна вельмі шмат хлусіць. І ніхто ёй ні ў чым не перашкаджае, і ў суд яна сама падала”.

Гэтая гісторыя прыцягнула ўвагу грамадскасці і таму, што звычайна ў Беларусі суды пакідаюць дзяцей з мамамі. Нават калі тыя маюць праблемы з законам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі