Прарасійскі актывіст Агафонаў выйшаў на волю
Арцём Агафонаў
На волю выйшаў прарасійскі актывіст Арцём Агафонаў. Пра гэта ён напісаў у сваім тэлеграм-канале.
"Я ў парадку. Жывы, здаровы і ў нядрэнным настроі, наколькі гэта ў маёй сітуацыі наогул магчыма. Падрабязнасці пазней, цяпер хочацца адаспацца", — паведаміў ён.
Пра затрыманне Агафонава 29 жніўня паведаміла яго паплечніца, прарасійская актывістка з Віцебска Эльвіра Мірсалімава. Яна заявіла, што затрымалі яго "па даносе змагара, заўкраінца-русафоба" Дзмітрыя Карняенкі.
Сам Карняенка апублікаваў у Фэйсбуку адказ магілёўскай міліцыі на свой электронны зварот. Міліцыя правяла праверку і знайшла на старонцы Агафонава ў Фэйсбуку "прыкметы адміністрацыйнага правапарушэння": ён, маўляў, распаўсюджваў "інфармацыйную прадукцыю, уключаную ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў".
Паводле інфармацыі Агафонава, за такое ж правапарушэнне чакае суда яшчэ адзін віцебскі прарасійскі актывіст Аляксандр Андрэйкаў.
Раней некалькі адміністрацыйных судоў адбылося і над Эльвірай Мірсалімавай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.