Пратэст прадпрымальнікаў у Мінску: людзі страцілі па 40, 80 тысяч долараў
Яны ўклалі грошы ў новы гандлёвы цэнтр “Імпульс-2”, які знаходзіцца на тэрыторыі завода. Аднак будынак прадаюць і ўкладанні ніхто не вяртае.
У чацвер 27 лютага на мінскай вуліцы Кульман праходзіў пратэст прадпрымальнікаў. Каля паўсотні чалавек сабраліся каля Мінскага вытворчага аб’яднання вылічальнай тэхнікі (МВАВТ).
Кожны з гэтых людзей уклаў дзясяткі тысяч долараў у будынак новага гандлёвага цэнтра “Імпульс-2”, які фармальна знаходзіцца на тэрыторыі прадпрыемства. Але людзей пакінулі за бортам.
“Гендырэктару завода Панасюку выдзелілі зямлю. Ён наняў забудоўшчыка, кампанію “Фарт-Плюс”, для ўзвядзення гандлёвага цэнтра, які будаваўся за кошт людзей. Але, наколькі я разумею, у афіцыйных паперах дырэктар не ўказаў, што частка памяшканняў купленая, ― выказвае сваё бачанне канфлікту ўдзельніца пратэсту, якая можа страціць 20 тысяч долараў. ― Калі ж памяшканне збудавалі, нам патлумачылі, што выйшаў указ прэзідэнта, каб прадаваць будынкі на заводзе (МВАВТ, ― Еўрарадыё.). А нас быццам бы і няма. Мы стаім тут другі дзень, а Панасюк не выходзіць. Ён што, бог, ці ён з іншай планеты? Чаму так зняважліва ставіцца да людзей?”
Пратэст прадпрымальнікаў праходзіць даволі сціпла, нечым нагадвае звычайны сход жыхароў дома ці пікет у падтрымку дэпутата. На ганку завода бачым толькі аднаго міліцыянера. Ні плакатаў, ні прамоваў праз мегафон няма. Людзі скардзяцца, што чакаюць дырэктара МВАВТ ужо другі дзень.
Знаходзім маладога прадпрымальніка, які інвеставаў у гандлёвыя боксы аж 80 тысяч долараў і можа застацца з носам.
“Першыя дольшчыкі з’явіліся у 2004 годзе. Ішла рэклама па радыё: “Прыходзьце, прыносьце грошы”, ― распавядае прадпрымальнік пра тое, як прыгожа пачыналася будаўніцтва “Імпульса-2”. ― У траўні 2013 года быў крайні тэрмін, калі памяшканні павінны былі здаць. З нейкіх прычын інвестару, кампаніі “Фарт-Плюс”, не давалі завяршыць будаўніцтва. На падставах гэтага інвестыцыйную дамову пачалі скасоўваць. І дольшчыкі засталіся без нічога. А потым выйшаў указ прэзідэнта аб продажы заводам плошчаў, якія нібыта не выкарыстоўваюцца. Такім чынам, наш гандлёвы цэнтр выставілі на аўкцыён, каб папоўніць гарадскі бюджэт. Нам нічога кампенсоўваць не збіраюцца”.
Кіраўнік кампаніі “Фарт-Плюс” Юрый Юшкевіч дабіваецца сустрэчы з кіраўніком завода разам з іншымі прадпрымальнікамі. Бізнэсмэн увесь час паказвае людзям паперы са свайго стосу дакументаў і запэўнівае, што дзейнічаў выключна па законе.
“Творыцца бяспраўе. Аб’ект мы дабудавалі, грошы ўкладзеныя, ― запэўнівае Юрый Юшкевіч Еўрарадыё. ― Пляцоўка добраўпарадкавана, ёсць паркоўка, праведзеныя ўсе камунікацыі. Гандлёвы цэнтр павінен быў працаваць з чэрвеня. Аднак, калі мы падышлі да атрымання тэхпашпарта, завод апячатаў аб’ект. Гендырэктар усіх выгнаў і стварыў загад ― “на кансервацыю”. На якіх падставах, незразумела. Аб’ект жа гатовы! У выніку я звярнуўся ў Мінгарвыканкам. Дзесьці праз тры тыдні прыйшла папера. Завод аштрафавалі на 98 тысяч долараў за няўвод аб’екта ў эксплуатацыю. На дадзены момант створана ініцыятыўная група, якая будзе даносіць праблему ў Генпракуратуру, прэзідэнту і ў іншыя структуры ўлады”.
Пазіцыя МВАВТ: “Мы не знаходзімся ў дагаварных адносінах з гэтымі людзьмі”
Калі цалкам верыць прадпрымальнікам і кампаніі, якая будавала “Імпульс-2”, то сітуацыя нечым падобна на рэйдэрскі захоп. Людзі ўклаліся ў будаўніцтва. Імі ж скарысталіся і выгналі.
Таму звяртаемся непасрэдна да кіраўніцтва прадпрыемства, каб там патлумачылі сітуацыю. Начальнік упраўлення матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння Леанід Кадушкевіч акрэслівае праблему ў агульных рысах, бо, як прызнаецца сам, займае пасаду нядаўна і не валодае сітуацыяй на 100%.
“Справа у тым, што мы не знаходзімся ў дагаварных адносінах з гэтымі людзьмі. Інвестар, які настройвае іх супраць прадпрыемства, не зусім тактычна сябе паводзіць. Мы людзей не ведаем, чаму мы павінны сустракацца, нешта абяцаць?”
Еўрарадыё: Людзі сплачвалі вялікія сумы і могуць іх страціць. Хто вінаваты?
Леанід Кадушкевіч: “Інвестар дагэтуль не ўвёў у эксплуатацыю аб’ект. Да таго ж, ёсць распараджэнне выставіць на аўкцыён некалькі будынкаў. Дзеля гэтага працавала камісія ацэншчыкаў – 20 чалавек. Аўкцыён будзе 27-га сакавіка”.