Пратэсты ў Македоніі: прычыны канфлікту і патрабаванні дэманстрантаў
Каля Дома ўрада ў Скоп'і ўжо стаіць намётавы лагер. Пратэстоўцы абяцаюць збірацца, пакуль прэм'ер не сыдзе ў адстаўку. Прэм'ер кажа, што не сыдзе.
У сталіцы Македоніі Скоп’і другі дзень праходзяць акцыі пратэсту супраць уладаў. Перад домам урада ўжо стаяць намёты. Пратэстоўцы абяцаюць заставацца там, пакуль прэм’ер-міністр не пойдзе ў адстаўку.
Шматлюдныя акцыі пачаліся 17 траўня, на вуліцы выйшла каля 20 тысяч дэманстрантаў з патрабаваннем адстаўкі прэм’ер-міністра Ніколы Груеўскага. Акцыю арганізаваў лідар апазіцыйнай Сацыял-дэмакратычнай партыі Зоран Заеў. Напярэдадні ён апублікаваў доказы таго, што ўлады праслухоўвалі тэлефоны суддзяў, журналістаў і лідараў апазіцыі. Таксама Груеўскага і яго ўрад абвінавачваюць у маштабнай карупцыі, злоўжываннях на працоўных месцах.
У сувязі са скандалам з праслухоўваннем у адстаўку падалі кіраўнік македонскай спецслужбы Сашо Міялкаў, міністр унутраных спраў Гардана Янкулоская і міністр транспарту Міле Янакіеўскі.
Але прэм’ер Нікола Груеўскі, які кіруе ўрадам з 2006 года, не збіраецца сыходзіць з пасады. Ён абвінавачвае апазіцыю ў спробе арганізаваць пераварот пры падтрымцы замежных спецслужб.
У панядзелак, 18 траўня, праўрадавыя сілы збіраюцца правесці сваю акцыю. Гэта можа прывесці да сутыкненняў і беспарадкаў у горадзе.
“У палітычным сэнсе і Груеўскі, і Заеў выступаюць за сяброўства з ЕС і NATO, інтэграцыю з Захадам. Толькі ў выпадку з урадам няма ніякай упэўненасці, што ён сапраўды да гэтага імкнецца. Апазіцыя ж гэтага абсалютна дакладна хоча, але не мае неабходнай улады”, — характарызуе палітычную сітуацыю ў краіне кіраўнік македонскай рэдакцыі Deutsche Welle Зоран Ярданоўскі.
Македонія цяпер знаходзіцца ў вельмі няпростым эканамічным становішчы. Беспрацоўе дасягнула 28%. Кожны пяты працаздольны жыхар эміграваў з краіны.
Македонія — адна з нешматлікіх краін Еўропы, урад якой не падтрымаў санкцыі супраць Расіі. Таму нядзіўна, што расійскі МЗС ужо назваў акцыі пратэстаў “спробай Захаду штурхнуць краіну ў бездань каляровай рэвалюцыі”.
Акрамя палітычнай і эканамічнай напружанасці ў Македоніі, дзе чвэрць насельніцтва складаюць албанцы, расце напружанасць этнічная. У пачатку траўня на поўначы краіны ля горада Куманава, дзе жыве вялікая албанская дыяспара, адбыліся сутыкненні албанскіх баевікоў і праваахоўных сіл. Тады загінулі 22 чалавекі, 14 былі параненыя.
Яшчэ раней, у красавіку, каля 40 этнічных албанцаў на кароткі час захапілі паліцэйскі ўчастак у вёсцы Гошынцэ каля мяжы з Сербіяй, патрабуючы стварэння албанскай дзяржавы на тэрыторыі Македоніі.
Этнічная напружанасць захоўваецца ў рэгіёне з 2001 года, калі баевікі, якія патрабавалі большых правоў для этнічных албанцаў Македоніі, пачалі паўстанне супраць урада. Канфлікт тады скончыўся падпісаннем шэрагу дамоўленасцяў.
Фота: rian.com.ua, EPA\UPG, afp.com, Beta\AP