Праваабаронцы будуць пратэставаць супраць прыезду Макея ў Брусэль

Нагодай для акцыі стаў магчымы візіт у Брусэль міністра замежных справаў Беларусі Уладзіміра Макея.



Нагадаем, што ў чэрвені 2013 года ў адносінах да Макея былі прыпыненыя візавыя санкцыі ЕС. Беларускі чыноўнік можа прыняць удзел у сустрэчы міністраў замежных спраў краін Еўрасаюза і Ўсходняга партнёрства 22 ліпеня ў Брусэлі. У МЗС Беларусі агенцтву БелаПАН паведамілі, што пытанне пра ўдзел міністра ў мерапрыемстве пакуль прапрацоўваецца.



Тым часам Міжнародная федэрацыя правоў чалавека падкрэслівае, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі застаецца вельмі трывожнай. Праваабаронцы адзначаюць, што ў Беларусі адсутнічае палітычная воля да якіх-небудзь істотных змен у пытанні павагі да правоў чалавека і дэмакратыі. Арганізацыя пералічвае 12 палітвязняў, якія ўсё яшчэ застаюцца ў турмах: Мікалай Аўтуховіч, Мікалай Статкевіч, Павел Севярынец, Зміцер Дашкевіч, Эдуард Лобаў, Алесь Бяляцкі, Мікалай Дзядок, Ігар Аліневіч, Аляксандр Францкевіч, Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка, Андрэй Гайдукоў.



Адзначаецца таксама, што нядаўна стала вядома пра новыя крымінальныя справы на Васіля Парфянкова і Уладзіміра Яроменка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі