Праваабаронцы патрабуюць забяспечыць правы затрыманага Эдуарда Пальчыса

Праваабаронцы патрабуюць забяспечыць правы затрыманага Эдуарда Пальчыса

Беларускія праваабаронцы патрабуюць забяспечыць усе працэсуальныя гарантыі і правы затрыманага Эдуарда Пальчыса (больш вядомага пад псеўданімам "Джон Сільвер"). Да экстрадзіраванага нядаўна з Расіі рэдактара сайта www.1863x.com не дапускаюць адваката.

У заяве, змешчанай на сайце spring96.org, адзначаецца, што Пальчыс утрымліваецца пад вартай ў следчым ізалятары ў Жодзіне. Ён абвінавачваецца ў "распальванні расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасці або розні" (ч. 1 арт. 130 КК), а таксама ў "распаўсюджванні парнаграфічных матэрыялаў" (ч. 2 арт. 343 КК). Праваабаронцы нагадваюць, што Канстытуцыя Беларусі і міжнародныя нормы гарантуюць права на абарону, а значыць і "магчымасць бесперашкодных і канфідэнцыйных сустрэчаў з адвакатам, неабмежаваных па колькасці і працягласці". Яны патрабуюць неадкладна дапусціць да Эдуарда Пальчыса адваката, а таксама "забяспечыць належныя ўмовы ўтрымання і абыходжання, якія б не з’яўляліся жорсткімі, бесчалавечнымі альбо прыніжалі б годнасць, адпавядалі міжнародным стандартам утрымання зняволеных".

Як паведамляла Еўрарадыё, у мінулым годзе 25-гадовы ўраджэнец Ліды Эдуард Пальчыс з'ехаў ва Украіну, нягледзячы на тое, што быў пад падпіскай аб нявыездзе. У студзені 2016-га яго затрымалі падчас перасячэння ўкраінска-расійскай мяжы. Некалькі месяцаў беларус правёў за кратамі ў Расіі, пакуль не быў перададзены беларускім праваахоўнікам. 9 чэрвеня каля следчага ізалятара па вуліцы Валадарскага ў Мінску прайшла несанкцыянаваная вулічная акцыя ў падтрымку Пальчыса (у той час ён яшчэ ўтрымліваўся там).

Фотарэпартаж з акцыі каля Валадаркі ў Мінску ў падтрымку "Джона Сільвера"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі