Праваабаронцы паўтара месяца не могуць звязацца з беларусам, затрыманым у РФ
Сяргей Ерамееў у судзе, снежань 2023-га
Беларускія праваабаронцы патрабуюць паказаць Сяргея Ерамеева, грамадзяніна Беларусі, затрыманага ў снежні 2023-га ў Расіі. Паўтара месяца звязацца з ім не атрымліваецца і пра яго лёс нічога невядома.
52-гадовага Ерамеева абвінавачваюць у падрыве двух грузавых цягнікоў на БАМе ў канцы лістапада. У судзе ён заявіў, што хацеў паралізаваць рух на чыгунцы, каб перашкодзіць пастаўкам вайсковых грузаў з КНДР для расійскай арміі, якая ваюе супраць Украіны.
Беларуса затрымалі ў Омску. 12 студзеня 2024-га мясцоваму адвакату сказалі, што Сяргея Ерамеева перавялі ў Іркуцк. У канцы студзеня ў іркуцкім СІЗА адвакату заявілі, што беларуса перавялі ў Маскву. Але днямі ў адпаведным СІЗА ўжо трэці адвакат пачуў, што "Ерамеева тут няма і не было".
Сяргея Ерамеева апошні раз бачылі два месяцы таму на судзе, калі вырашалася пытанне аб прымяненні меры утрымання ў выглядзе заключэння пад варту. "З таго часу ад яго няма ні слова, — пішуць у супольнай заяве праваабаронцы. — Мы не ведаем, дзе ён знаходзіцца, у якім ён стане і ці ўвогуле жывы. Ведаючы таксама пра дзясяткі арыштаў, якія ўчыніў КДБ у родным горадзе Ерамеева — Наваполацку — па ўказцы ФСБ, а таксама пра напружванне, якое выбухі спарадзілі між сілавікамі Беларусі і Расіі, мы не можам выключаць найгоршае".
Праваабаронцы лічаць, што ўлады РФ "могуць мэтанакіравана хаваць Сяргея Ерамеева (калі ён яшчэ жывы), каб схаваць доказы магчымых катаванняў (з улікам абвінавачанняў у арганізацыі выбухаў пад кіраўніцтвам украінскіх спецслужбаў)". Яны пішуць пра існаванне "рэальнай пагрозы здароўю і жыццю Сяргея Ерамеева, улічваючы цяжкасць абвінавачання і агульнае стаўленне да тых, хто звязаны з Украінай". Праваабаронцы патрабуюць дапусціць да Ерамеева незалежнага адваката, "каб пераканацца, што беларус з Наваполацка жывы і здаровы, і патрабуем забяспечыць яму права на абарону і празрыстасць крымінальнага працэсу". Заяву падпісалі кампанія BY_help, Фонд салідарнасці BYSOL, фонд "Краіна для жыцця" і ініцыятыва Dissidentby.
Сяргей Ерамееў раней працаваў на "Нафтане", удзельнічаў у страйку ў 2020 годзе, быў звольнены з палітычных матываў. Па версіі ФСБ, грамадзянін Беларусі нібыта меў заданне ад іншага беларуса, які жыве ў Літве і "дзейнічае пад кантролем спецслужбаў Украіны". Сяргей Ерамееў прывёз на аўтамабілі з Беларусі ў Бурацію магнітныя міны і заклаў на цыстэрнах грузавых цягнікоў. Дыверсіі былі паспяховыя, рух на чыгунцы часова быў паралізаваны.
Яшчэ ў снежні з'явілася інфармацыя, што Сяргея Ерамеева этапавалі ў сталіцу Бураціі Улан-Удэ. Але пацверджанняў не было.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.