Правацэнтрысты перадалі на БТ патрабаванне стварыць грамадскі тэлеканал
Лідары правацэнтрысцкай кааліцыі 1 верасня падпісалі рэзалюцыю з патрабаваннем стварыць у нашай краіне грамадскі агульнадзяржаўны тэлеканал, перадае БелаПАН.
Свае подпісы пад дакументам паставілі Юрась Губарэвіч (рух "За Свабоду"), Анатоль Лябедзька (Аб'яднаная грамадзянская партыя) і Віталь Рымашэўскі (аргкамітэт па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя"). Выбарчы пікет адбыўся насупраць будынку Белтэлерадыёкампаніі. Падпісанты перадалі рэзалюцыю прадстаўніку Белтэлерадыёкампаніі, які выйшаў да іх з будынка.
Апазіцыянеры прапаноўваюць, каб новым тэлеканалам кіравала назіральная рада з аўтарытэтных прадстаўнікоў грамадскасці і розных палітычных сіл.
Таксама правацэнтрысты вылучылі шэраг іншых патрабаванняў: стварыць роўныя эканамічныя ўмовы для дзяржаўных і недзяржаўных СМІ; прывесці нацыянальнае заканадаўства ў сферы СМІ ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі; спыніць пераслед журналістаў за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі; забяспечыць рэгулярны доступ прадстаўнікоў апазыцыйных сілаў да эфіру на дзяржаўных тэлеканалах.
Перад пікетам ля БТ апазіцыянеры правялі акцыю каля ЦУМа. Яны агітавалі за еўрапейскі выбар Беларусі. Гэты пікет наведаў прэзідэнт Еўрапейскай народнай партыі Жозеф Доль.