Правы студэнтаў: Выезд за мяжу — з дазволу, самакіраванне — для членаў БРСМ
Грамадскі Балонскі камітэт падлічыў парушэнні правоў студэнтаў.
Свабода перамяшчэння гарантаваная Канстытуцыяй. Але ў студэнта ёсць праблемы. Беларускіх студэнтаў за мяжу адпускаюць толькі з дазволу адміністрацыі. І не тлумачаць, якія дакументы для гэтага патрэбныя. А калі выехаць без дазволу — могуць адлічыць.
“Калі гэта будзе выдатнік і член БРСМ, у яго праблем не будзе. Але калі ёсць хоць нейкія пытанні з адміністрацыяй, то яго хутчэй за ўсё не пусцяць за мяжу”, — заўважае Марына Штрахава, каардынатар юрыдычнай кансультацыі Студэнцкай Рады і адзін з аўтараў маніторынгу правоў студэнтаў.
Закон гарантуе студэнтам 25% месцаў у Радзе ўніверсітэта. Але нават у БДУ гэта прапорцыя не вытрыманая, працягвае Марына Штрахава:
“Па законе ў Раду ўніверсітэта мусіць уваходзіць 25% студэнтаў. Адкрыты спіс Рады ўніверсітэта толькі ў БДУ. Але там на 97 сяброў Рады 10 студэнтаў. Многія студэнты проста не ведаюць, што ёсць Рада ўніверсітэта”.
Рады студэнтаў ёсць ва ўсіх універсітэтах, але яны існуюць фармальна, бо не абіраюцца, а прызначаюцца. А сам студсавет ва ўніверсітэце нічога не вырашае, дадае Марына Штрахава.
Права на жыллё таксама замацоўваецца Канстытуцыяй. Але з інтэрната студэнта могуць выселіць за тры парушэнні ці наогул без іх, гаворыць Марына Штрахава:
“Калі губляеш пропуск, адпрацоўваеш на карысць інтэрната тады, калі інтэрнату зручна. Высяляюць не толькі за парушэнне правілаў інтэрната. Праходзіла інфармацыя пра студэнта БДУІР, якога выселілі з інтэрната, бо той адседзеў адміністрацыйны арышт”.
Права на аб’яднанні таксама прапісаныя ў Канстытуцыі. Але нават за ўдзел у семінары недзяржаўнай арганізацыі на студэнта могуць выклікаць на размову.
“Ціск павялічваецца не толькі на актывістаў, але і на звычайных студэнтаў, якія паўдзельнічалі ў семінары нейкай грамадскай арганізацыі. За сам гэты факт студэнтаў цягаюць на размовы, тлумачаць, што гэта дрэнна. Часам студэнтаў просяць выходзіць з нейкіх груп у сацсетках”, — гаворыць Марына Штрахава.
І прыгадвае выпадак, калі з ўніверсітэта адлічылі двух актывістаў зарэгістраванага ў Чэхіі “Маладога фронту”.
У цэлым удзельнікі Грамадскага Балонскага камітэта канстатуюць нізкую актыўнасць студэнтаў і пагаршэнне сітуацыі з іх правамі і свабодамі.
Фота: panorama-rezekne.lv