Прэм'ер Галоўчанка даведаўся, што ў бальніцах Барысава не хапае спецыялістаў
Людзі ў белых халатах. Раман Галоўчанка крайні справа / edinstvo.by
Прэм'ер Раман Галоўчанка наведаў Барысаў з інспекцыяй устаноў сістэмы аховы здароўя і пабываў на "праблемных участках", якія раней выявіла камісія з Мінска (у прыватнасці ў інфекцыйнай бальніцы). Як паведамляе тэлеканал "Беларусь 1", ён даведаўся, што ў мясцовых бальніцах не хапае спецыялістаў. Нагрузка на лекараў складае больш за 1,5 стаўкі. Палова маладых спецыялістаў працаваць не застаецца. Выхад бачаць у накіраванні на навучанне ў медыцынскія ВНУ большай колькасці мэтавікоў, каб яны пасля вярталіся на малую радзіму.
Таксама выявіліся праблемы з абсталяваннем — не хапае спецыялістаў, якія могуць на ім працаваць.
У траўні кадравыя праблемы ў медыцыне прызнаў Аляксандр Лукашэнка. Ён згадаў, што беларускія медыкі з'язджаюць за мяжу. Лукашэнка загадаў "разабрацца" з мэтавікамі з медыцынскіх ВНУ.
Медыкі актыўна з'язджаюць за мяжу пасля падзей 2020-га, калі распачаліся рэпрэсіі. За краты па-ранейшаму працягваюць кідаць лекараў цэлымі групамі, як нядаўна адбылося ў Наваполацку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.