Прэс-служба Магерыні абвяргае словы пра аўтаномію Данбаса
У аўстрыйскай газеце "Kurier" з'явіліся скажоныя цытаты кіраўніцы еўрапейскай дыпламатыі.
Інтэрв'ю вярхоўнага прадстаўніка ЕС па пытаннях знешняй палітыкі і бяспекі Федэрыка Магерыні аўстрыйскай газеце "Kurier" змяшчае скажоныя цытаты палітыка. Як заявіла прэс-сакратар Магерыні Мая Качыянчыч, насамрэч дыпламатка чакае выканання Мінскага пратаколу.
Па яе словах, якія перадае interfax.by, дыпламат размаўляла з журналістам па-англійску і, магчыма, памылкі з'явіліся пры перакладзе. Акрамя таго, Качыянчыч здзівілася, што інтэрв'ю з'явілася толькі цяпер. Па яе словах, гутарка адбывалася яшчэ да таго, як Магерыні ўзначаліла еўрапейскую дыпламатычную службу. Нагадаем, што яна стала кіраўніцай еўрапейскай дыпламатыі з 1 лістапада.
У інтэрв'ю газеце "Kurier" падаюцца словы кіраўніцы еўрапейскай дыпламатыі, быццам яна лічыць неабходным "даць аўтаномію для Усходу Украіны". Хаця дагэтуль ад еўрапейскіх дыпламатаў не гучала такіх заяваў.
Фота — ЕРА