Прэзентацыя на Еўрарадыё: дэбютны альбом “Прыцягненне” гурта Haina

Прэзентацыя на Еўрарадыё: дэбютны альбом “Прыцягненне” гурта Haina

Мінскае рок-трыа Haina, якое грае незвычайным складам баян-скрыпка-барабаны, прэзентуе на Еўрарадыё дэбютны альбом “Прыцягненне”. Дыск складаецца з 11 трэкаў, адзін з якіх — інструментальнае Intro. Па прызнанні музыкаў на стварэнне альбома іх падштурхнула перамога ў намінацыі “Дэбют-2014” на прэміі “Даём рады” і прыз ад студыі “Осмас” на 50 гадзін студыйнай працы.

“Калі агулам казаць пра працу над альбомам, то ніякіх прынцыповых адыходаў ад таго, што мы рабілі раней, няма, — параўноўвае запіс EP “Мішэні”, за які музыкі і атрымалі прыз, і ўласна альбома лідар гурта Ілля Паплёўка. — Гэта нашы песні, якія мы пісалі на працягу апошняга года, можа, крыху больш. Але падчас запісу ЕР мы ведалі, што нам проста патрэбны запіс, таму адзін дзень правялі на студыі і зрабілі такі жывак. З альбомам жа ўсё па-іншаму. Кожны інструмент запісваўся паасобку, мы думалі над гукам, думалі над кожным інструментам…Як мне падаецца падышлі да справы досыць адказна і больш прафесійна”.

Цікава, што назву дыску дала песня, якая з’явілася, калі запіс ужо быў скончаны і музыкі рыхтаваліся да рэлізу. Менавіта яна падкрэсліла і абагульніла агульны канцэпт кружэлкі.

“Часам жаданні, падзеі, абставіны могуць накіроўваць чалавека ў нейкія розныя рэчаіснасці, ва ўласныя сны і мары, — тлумачыць асноўны пасыл “ПрацягненняІлля Паплёўка. — Але чалавека заўсёды цягне на зямлю і ён вяртаецца, бо яго месца менавіта тут, побач з блізкімі яму людзьмі. Наш альбом менавіта пра прыцягненне. Пра тое, што няма ніякіх межаў, што ўсё магчыма і ўсё рэальна”.

Музыкі лічаць сябе канцэртным гуртом, хоць прызнаюцца, што прымусіць танчыць народ пад сцэнай пакуль не вельмі атрымліваецца.

“Ты глядзіш са сцэны і бачыш шмат вачэй. Граеш, рухаешся і чакаеш, калі ўжо пачнецца вось гэтая аддача, калі ўжо ўсе пачнуць танчыць… ну хоць хто-небудзь… і ніфіга! Усе проста стаяць і слухаюць, — смяецца бубнач каманды Аляксандр Кузьмін, а Ілля Паплёўка дадае. — Як мне падаецца, у нас вельмі глыбокі ўнутраны драйв. Натуральна, у нас няма прымочак, якія маглі б падкрэсліць пэўныя моманты ў песнях, якія б ты ўключыў, загучала больш валава, і гэта стала знакам для людзей, што далей будзе вось так. Таму мы шукаем выйсце праз гульню з формамі песні, з аранжыроўкамі, дынамікай. Але нягледзячы на тое, што мы выконваем музыку даволі энергітычна насычаную, камернасць усё роўна застаецца. Мне падабаецца, як людзі рэагуюць, позіркі людзей — увогуле класна”.

Каб разбавіць статычнасць на сцэне (а усе трое музыкаў Haina сядзяць падчас выступаў) — яны вырашылі "запаліць" свае інструменты і пагуляцца са сцэнічным святлом. Прычым, зрабілі гэта сваімі рукамі, а пачалося ўсё з двух вялізных пакетаў спісаных камп'ютарных навушнікаў, якія бубнач гурта разабраў на запчасткі.

“Калі выключаецца святло ў клубе, гэта даволі прыгожа выглядае, — працягвае Ілля Паплёўка. — Для сталічных невялікіх клубаў такога хапае, але калі будзе патрэба, то мы хутка разаўём ідэю і падладзімся пад іншыя памяшканні”.

Бубнач Аляксандр папрацаваў і над гучаннем баяна. Ён паўгода разбіраў інструмент фронтмэна, спрабаваў, падбіраў і ў выніку самастойна спаяў адмысловую падгучку. Менавіта ў такім гучанні баян запісаны на альбоме “Прыцягненне”.

Канцэртная прэзентацыя “Прыцягнення” адбудзецца толькі ў наступным годзе, яе дакладную дату мы паведамім пазней, рыхтуйцеся.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі