Прэзентацыя на Еўрарадыё: Імпрэсіяністычны “White_singlе" ад PIROUETTE
Сінгл, які складаюць песні "Белая" і "Вертолёты", стане часткай новага ЕР каманды, які з'явіцца праз некалькі тыдняў.
"Песні носяць умоўна асабісты характар, у тым плане, што яны не распавядаюць пра нейкія канкрэтныя падзеі, ідэі ці людзей, — дае характарыстыку трэкам іх аўтар і гітарыст гурта Юрый Карагода. — Яны, хутчэй, свайго роду імпрэсіянізм. То бок, мы намагаемся паказаць нейкае адчуванне чалавека ў пэўны момант яго жыцця ці роздумаў".
Паўгода таму ў PIROUETTE выйшаў дэбютны міні-альбом. На думку Карагоды, абодва ЕР маглі б скласці паўнавартасны дэбютны альбом гурта. Аднак на сёння музыкі "Піруэта" сумняваюцца ў мэтазгоднасці выпуску дыскаў. Маўляў, гэта доўгі працэс. І пакуль запісваеш адны песні, іншыя падаюцца старымі і не надта актуальнымі. На дадзены момант, кажа Юра, PIROUETTE ставіць перад сабой задачу вызначыцца з адказам на пытанні "хто мы?" і "дзеля чаго гэта робім?".
Юрый Карагода: "Мы пакуль яшчэ самі не разумеем, дзеля чаго мы існуем як гурт. У нас пастаянна змяняюцца мэты, задачы і інтарэсы. Мы спрабуем сабраць пэўны матэрыял, 10-12 песень, і, галоўнае, зрабіць з ім нешта такое, каб у яго быў свой твар. І ўсё будзе залежаць ад таго, наколькі паспяхова гэта будзе ў нас адбывацца".
На думку Юрыя, PIROUETTE дазваляе музыкам гурта, якія граюць яшчэ ў іншых берасцейскіх камандах, пісаць своеасаблівы матэрыял:
"Гэта нават заканамернасць — існаванне гэтага гурта. Мы проста яшчэ не разумеем, што мы хочам з яго зрабіць у рэшце рэшт".
Прэзентацыя сінгла адбудзецца падчас Men's Fest, што пройдзе ў Берасце 12 кастрычніка.