Прэзентацыя на Еўрарадыё: сінгл “Finka” ад Harotnicy
Як і першы сінгл гурта, “Finka” прысвячаецца смерці ды працягвае змрочную тэкставую традыцыю каманды.
Дэструктыўны пажарны аркестр Harotnica працягвае выпрабоўваць нервовую сістэму слухача. Летась калектыў прадставіў суіцыдальны твор “Na krai”, цяпер жа прэзентуе не менш драматычную кампазіцыю “Finka”. У адрозненні ад папярэдняга сінгла, які амаль не выконвалася на жыва, песня “Finka” ўжо добра вядомая тым, хто наведвае канцэрты гурта Harotnica. Гэты трэк — своеасаблівы перадсмяротны маналог дзяўчыны, якая памірае з-за рэўнасці.
“На самой справе, пытанні жыцця і смерці заўсёды актуальныя, асабліва для нас. Ды і проста цікава ў гэтым капацца! — тлумачыць абраную тэматыку кампазіцый Андрусь Такінданг. — З аднаго боку, гэта такая наша змрочная жыццярадаснасць, а з другога — чаму б і не! Павінен быць і праект, які б размаўляў з людзьмі на табуяваныя тэмы. Таму мы вырашылі быць такімі “санітарамі лесу” і размаўляць на нязвыклыя тэмы, якія ў музыцы не так часта сустракаюцца. Гэта і змрочныя жарты, і падарожжа ў краіну падсвядомасці, і Цім Бэртан у музыцы”.
Падчас працы над запісам кампазіцыі, “Finka” атрымалася іншай “і па гуку, і па духу”.
“Мы нарэшце зрабілі яе такой, як нам самім хацелася, — распавядае вакалістка гурта Валерыя Валадзько. — Цяпер “Finka” гучыць у больш хуткім тэмпе ды стала іншай па гуку дзякуючы больш цяжкай гітары. Мы доўга ішлі менавіта да такога гучання і вельмі задаволеныя вынікам”.
Нагадаем, што цяпер гурт Harotnica працуе над запісам дэбютнага альбома і працягне выкладаць яго паступова — па сінглах. Усе кампазіцыі пласцінкі будуць кардынальна адрознівацца і па стылях, і па настроі ды будуць вельмі рознымі, як і самі ўдзельнікі каманды.