Прэзентацыя на Еўрарадыё: трэкі "Intro" і "Лета" з новага альбома "РСП"

Прэзентацыя на Еўрарадыё: трэкі "Intro" і "Лета" з новага альбома "РСП"

Гурт “Разбітае сэрца пацана” прэзентуе на Еўрарадыё два трэкі з будучага альбома. Для азнаямлення музыкі вырашылі рассакрэціць інструментальную кампазіцыю “Intro”, для запісу якой “былі прыцягнутыя гастарбайтары”, і песню “Лета”, якую “РСП” бескампрамісна называюць новым хітом.

Сам альбом будзе прэзентаваны ў інтэрнэце ў пятніцу 13 лістапада. Дыск складаецца з 13 трэкаў, напоўненых “болем і адчаем, пошукамі і барацьбой ды, вядома, каханнем, — каментуюць будучы альбом самі музыкі. — 13 зонгаў пранікнутых настроем лёгкага смутку і ў той жа час надзеі, якая ўсім нам так цяпер патрэбная! Модны танцавальны індзі-сінці-поп ды актуальныя тэксты на трасянцы”.

Трэці паўнафарматны альбом гурта атрымаў гаваркую назву “Пасрэдствам срэдств” і амаль цалкам гатовы. Цяпер “Разбітае сэрца пацана” просіць усіх неабыякавых дапамагчы разлічыцца з гукарэжысёрам. Збор сродкаў адбываецца на першай беларускай краўдфаўндынгавай платформе Ulej. Кожнаму спонсару музыкі абяцаюць каштоўныя падарункі (ад дыска з новым альбомам да выступу на карпаратыўным мерапрыемстве).

Канцэртная прэзентацыя “Пасрэдствам срэдств” пройдзе 21 лістапада пад “Палацам Рэспублікі” ў сталічным клубе “Пляцоўка хол”. Далей “Разбітае сэрца пацана” рушыць у міні-тур па Беларусі: 27 лістапада яны выступяць у Магілёве, 4 снежня ў гомельскім “Кватэрніку” і 19 снежня ў віцебскім “Чардачку”.

Нагадаем, раней “Разбітае сэрца пацана” ужо прэзентавала два кліпы на песні з альбома “Пасрэдства срэдств”. Але музыкі пераконваюць, што на дыску засталіся трэкі, якія яшчэ ні разу не гучалі нават на канцэртах. Тым не менш, за некалькі дзён да афіцыйнай прэзентацыі Еўрарадыё праслухае будучы рэліз і абавязкова падзеліцца сваімі ўражаннямі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі