Прэзідэнт Літвы: Лукашэнка не захацеў атрымаць дапамогу ў сувязі з каранавірусам
Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што Аляксандр Лукашэнка не захацеў атрымаць дапамогу ў сувязі з каранавірусам. Ён тэлефанаваў у Мінск раніцай 23 красавіка. Беларускія афіцыйныя СМІ сярод тэмаў размовы згадалі абмеркаванне мер "па супрацьдзеянні распаўсюду каранавіруснай інфекцыі". Пра тое, што літоўскі прэзідэнт прапанаваў меддапамогу, паведаміла яго прэс-служба. У пятніцу падрабязнасцямі размовы падзяліўся сам Наўседа.
"Маёй мэтай было даведацца, ці ёсць якія спосабы дапамагчы беларускаму боку лягчэй саўладаць з пагрозай каранавіруса, мы гатовы гэта зрабіць як парадамі, так сродкамі, — цытуе словы прэзідэнта Літвы Delfi. — Падчас гутаркі прэзідэнт проста падзякаваў за гэта, але не выказаў канкрэтнага жадання атрымаць дапамогу таго ці іншага кшталту".
У той жа час Гітанас Наўседа лічыць, што падыход уладаў Беларусі да COVID-19 змяніўся ў лепшы бок. Паводле яго слоў, Лукашэнка агучыў некаторыя меры па супрацьдзеянні распаўсюду каранавіруса, якія прымаюцца. "У мяне няма падстаў не верыць [беларускай] статыстыцы, паколькі я маю альтэрнатыўныя статыстычныя дадзеныя пра захворванні і пра іх дынаміку", — адзначыў Наўседа. Як вядома, раней ён заявіў, што афіцыйнай інфармацыі Беларусі пра каранавірус давяраць нельга. У Мінску гэтую заяву прадказальна сустрэлі вельмі негатыўна.
Напярэдадні стала вядома, што наша краіна прыняла гуманітарную дапамогу з Польшчы.
На 24 красавіка ў Беларусі зарэгістравана 8773 выпадкі каранавіруса, памерлі 63 чалавекі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.