Прэзідэнт ЗША згадаў пра правакацыі з боку Беларусі
На мяжы Польшчы і Беларусі
3 кастрычніка падчас тэлефоннай размовы з кіраўнікамі краін G7, NATO і ЕС прэзідэнт ЗША Джо Байдэн згадаў і Беларусь. Пра гэта паведаміў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.
"Прэзідэнт Байдэн падкрэсліў нашы надзвычай адказныя і разумныя паводзіны ў дачыненні да правакацый, якія нас сустракаюць з боку Беларусі, — цытуе словы Дуды яго прэс-служба. — Ён вельмі выразна згадаў аб перасячэнні мяжы беларускімі верталётамі, падкрэсліўшы, што мы паводзілі сябе вельмі адказна, у тым ліку як дзяржава-сябра Паўночнаатлантычнага альянсу. Ён падзякаваў за кансультацыі з саюзнікамі па гэтым пытанні і падкрэсліў, што мы можам быць упэўненыя ў стоадсоткавай падтрымцы з боку NATO, як штаб-кватэры, так і дзяржаў-членаў у выпадку любых правакацый".
Джо Байдэн відавочна меў на ўвазе інцыдэнт, які адбыўся 1 жніўня 2023-га. Тады польскі бок заявіў, што два беларускія вайсковыя верталёты парушылі мяжу Польшчы. Мінабароны Беларусі пракаментавала заяву польскага ведамства фразай "адна бабка сказала".
1 верасня Дзяржпагранкамітэт Беларусі паведаміў пра парушэнне паветранай прасторы польскім ваенным верталётам у Бераставіцкім раёне Гродзенскай вобласці. У Польшчы гэтае паведамленне назвалі "хлуснёй і правакацыяй". Нешта падобнае адбылося і 28 верасня.
3 кастрычніка Джо Байдэн абмеркаваў з саюзнікамі каардынацыю падтрымкі Украіны, запэўніў іх, што яна не спыніцца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.