Прынцып Пунтуса: Давяраю маладым, для якіх заробак не на першым месцы
Трэнер “Славіі” распавядае, як яму давялося настроіць каманду на яркую гульню ва ўмовах слабых фінансавых магчымасцяў.
ФК “Славія-Мазыр”, якая сёлета вярнулася ў вышэйшую лігу чэмпіянату Беларусі, пакуль не выдала ніводнай бляклай гульні. Нагадаем, што на старце гульцы “Славіі” мінімальна саступілі БАТЭ, потым здабылі нічыю з “Шахцёрам” і ўрэшце абыгралі “Тарпеда-БелАЗ” у гасцявым супрацьстаянні. У параўнанні з названымі камандамі палешукі маюць значна меншыя фінансавыя магчымасці. "Славію" разглядалі відавочным аўтсайдэрам першынства Беларусі.
“Мой прынцып — я заўжды давяраю маладым, — тлумачыць трэнер “Славіі” Юрый Пунтус Еўрарадыё. — І яны гэты давер апраўдваюць. У Беларусі ёсць добрыя маладыя хлопцы, але многія трэнеры баяцца на іх спадзявацца. З аднаго боку, я іх разумею. Ёсць адказнасць. Не пакажаш вынік — можна развітацца з пасадай. І гэты страх прыводзіць да таго, што больш спадзяюцца на футбалістаў раскручаных, дасведчаных. Але, да шчасця, у футбол гуляюць не прозвішчы. А пры сёняшняй эканамічнай сітуацыі ў беларускім футболе, як мне падаецца, мы павінны спадзявацца на моладзь, якая нават не на пятае месца ставіць пытанне зарплаты. Яны проста хочуць гуляць. І калі ты ім давяраеш — ёсць плён. Такі вось мой прынцып”.
Абаронца "Славіі", святкуючы забіты гол, атрымаў траўму
Фота: by.tribuna.com