Прысуд па справе Юліі Саламацінай: якім будзе пакаранне?
Пракурор лічыць, што за забойства дзяўчыны Павел Цыняўскі павінен трапіць у турму на 17 гадоў, яго маці за дапамогу ў знішчэнні трупа — на 2 гады.
5 лютага ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска агучаць прысуд па справе аб забойстве 18-гадовай Юліі Саламацінай (пачатак — а 11-й гадзіне). Абвінавачанне папрасіла для 26-гадовага мінчука Паўла Цыняўскага 17 гадоў калоніі строгага рэжыму, для яго 48-гадовай маці — два гады калоніі агульнага рэжыму.
Падрабязнасці жорсткага забойства Юліі Саламацінай
Еўрарадыё нагадвае важныя моманты гучнай справы.
Забойства
Забойства Юліі Саламацінай адбылося каля 5-й гадзіны раніцы 18 ліпеня 2014 года. Згодна з матэрыяламі следства, 18-гадовая дзяўчына прыехала на кватэру да Паўла Цыняўскага, з якім пазнаёмілася праз сацыяльныя сеткі. Яны спачатку разам пілі алкаголь, а пазней Павел Цыняўскі задушыў Юлію Саламаціну. “Я не памятаю, што было ў той вечар. Вельмі мала памятаю. Як парэзаў ёй руку, як душыў, крыху памятаю. Але не памятаю, чаму душыў, праз што. Я шмат выпіў у той вечар”, — тлумачыў Цыняўскі следству.
Знішчэнне трупа
Труп Юліі Саламацінай Павел Цыняўскі знайшоў раніцай 19 ліпеня ў сваім пакоі, калі прачнуўся. Ён вырашыў яго знішчыць. “Нет тела — нет дела”, — такія яго словы гучаць на працэсе некалькі разоў. Знішчаў цела Юліі Саламацінай Цыняўскі з дапамогай маці. У момант забойства Галіна Цыняўская была ў родных у Бягомлі, у Мінск прыехала пасля тэлефанавання сына.
Труп Цыняўскі спачатку распілаваў балгаркай, затым яго маці перамалола ўнутраныя органы дзяўчыны на мясарубцы і спусціла іх у каналізацыю. Часткі цела спалілі ў найбліжэйшым лесапарку. “Вогнішча гарэла ўсю ноч”, — гучыць на судзе.
У запоўненай кроўю Юліі Саламацінай кватэры Цыняўскія робяць рамонт — клеяць новыя шпалеры, мяняюць пакрыццё падлогі, выкідваюць акрываўленыя рэчы і мэблю.
Уцёкі
На трэці дзень пасля знікнення Юліі Саламацінай яе маці даведваецца, каму Юлія тэлефанавала апошні раз. Яна тэлефануе Паўлу Цыняўскаму, распытвае пра дачку. “Я не ведаю, дзе яна. Мы так і не ўбачыліся ў той вечар”, — гаворыць Цыняўскі маці забітай ім дзяўчыны і вырашае схавацца ў лесе. Разам са сваёй маці Галінай ён едзе на рынак у Ждановічах, набывае намёт і спальнікі, прадукты. Цыняўскія тыдзень хаваюцца ў лясах Мінскай вобласці. 26 ліпеня вырашаюць развітацца з роднымі ў Бягомлі і здацца міліцыі. У пастарунку Павел Цыняўскі, якога ўжо шукаюць, піша яўку з павіннай.
Суд
Працэс пачынаецца 22 студзеня, праз паўгода пасля злачынства. Родныя Юліі Саламацінай змаглі пахаваць парэшткі дзяўчыны толькі ў лістападзе. На судзе Павел Цыняўскі адмаўляецца даваць паказанні — пракурор зачытвае ўсё сказанае ім падчас следства. Высвятляецца, што Цыняўскі першапачаткова хаваў спосаб забойства. І маці, і следчаму ён расказваў, што Саламаціна загінула амаль выпадкова — штурхнуў яе пасля спрэчкі, дзяўчына ўдарылася аб касяк скронню і памерла. Праўду аб забойстве Павел Цыняўскі расказаў сваёй маці толькі пасля тыдня ў лесе. Следству — пасля некалькіх допытаў.
Галіна Цыняўская даваць паказанні на судзе пагадзілася. “Я думала, гэта выпадкова ўсё здарылася. Я хацела дапамагчы сыну. Не ведаю, навошта знішчала унутраныя органы Юліі”, — гаворыць яна на працэсе.
Пакаранне
“Ніколі не цісну, выключаючы тыя выпадкі, калі забіў, расчляніў з маці, закапаў. Стаўленне адназначнае: Да сценкі!.. Я нідзе не цісну на суды, але сваю пазіцыю выказваю”, — надзвычай эмацыйна гаворыць Аляксандр Лукашэнка на прэс-канферэнцыі 29 студзеня.
Аднак пракурор перакваліфікоўваць абвінавачанне не стаў — просіць пакараць Паўла Цыняўскага 17 гадамі зняволення, яго маці Галіну — 2, за дапамогу ў знішчэнні слядоў злачынства. Акрамя гэтага ён просіць спагнаць з Цыняўскіх 2 мільярды рублёў на карысць сям’і Юліі Саламацінай у якасці кампенсацыі нанесенай маральнай шкоды.
Абвінавачаны у забойстве Саламацінай адміністраваў суполку раварыстаў
Фота — Еўрарадыё, kp.by