За забойства Саламацінай пракурор просіць 17 гадоў строгага рэжыму

2 лютага ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска адбыліся судовыя спрэчкі па справе аб жорсткім забойстве 18-гадовай жыхаркі Смалявіцкага раёна Юліі Саламацінай.

Як інфармуе БелаПАН, дзяржабвінаваўца Сяргей Кротаў папрасіў суд прызначыць абвінавачанаму Паўлу Цыняўскаму 17 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму, прычым першыя пяць гадоў ён правядзе ў турме. Для яго маці Галіны Цыняўскай, якая актыўна дапамагала сыну хаваць сляды злачынства, дзяржабвінавацўца папрасіў два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Таксама пракурор прапанаваў спагнаць на карысць пацярпелых з Цыняўскага 1,5 млрд рублёў за маральную кампенсацыю, а з яго маці — 0,5 млрд рублёў.

Абое абвінавачаныя на следстве і ў судзе сваю віну прызналі цалкам.

Нагадаем, што забойства Саламацінай адбылося 18 ліпеня 2014 года. Малады чалавек падчас сваркі забіў дзяўчыну. Потым разам з маці ён раздзяліў цела, жанчына зварыла вантробы і асобныя часткі цела забітай, здрабніла іх, перакруціла на мясасечцы і спусціла ў каналізацыю. Рэшткі трупа і пашпарт забітай сын з маці закапалі ў лясным масіве, а потым спрабавалі спаліць. Пасля гэтага яны хаваліся ў лесе некалькі дзён. 27 ліпеня яны здаліся ў міліцыю.

Дарэчы, пра гучную справу на прэс-канферэнцыі 29 студзеня выказаўся і Аляксандр Лукашэнка. Тады ён выказаўся за смяротнае пакаранне за такое наўмыснае забойства.

Лукашэнка: "Калі забіў, расчляніў з маці, закапаў — да сценкі!"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі