Ці зменяць абвінавачанне Цыняўскаму пасля заявы Лукашэнкі?
Падчас прэс-канферэнцыі кіраўнік Беларусі выказаў стаўленне да абвінавачанага ў гучным забойстве: “Да сценкі!”.
“Ніколі не цісну, выключаючы тыя выпадкі, калі забіў, расчляніў з маці, закапаў. Стаўленне адназначнае: Да сценкі!.. Я нідзе не цісну на суды, але сваю пазіцыю выказваю”, — надзвычай эмацыйна гаворыць Аляксандр Лукашэнка на прэс-канферэнцыі 29 студзеня.
Лукашэнка мае на ўвазе справу Паўла Цыняўскага, працэс якога ідзе ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска. Паводле матэрыялаў справы, абвінавачаны ў канцы ліпеня мінулага года напіўся, запрасіў да сябе ў госці дзяўчыну Юлію Саламаціну, а ўначы раптам задушыў яе. Працверазеўшы, вырашыў пазбегнуць пакарання, знішчыўшы труп. Разам з маці расчляніў яго і спаліў на вогнішчы. Праз некалькі дзён Цыняўскі ўцёк з Мінска, хаваўся па лясах, а потым здаўся міліцыі, напісаўшы яўку з павіннай.
"Абвінавачванаму ў забойстве Юліі Саламацінай Паўлу Цыняўскаму пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі", — паведаміў журналістам у першы дзень суда пракурор Сяргей Кротаў. То бок гаворкі пра смяротнае пакаранне няма. Але тое было за тыдзень да выказванняў кіраўніка краіны.
Былы адвакат са стажам, юрыст Тамара Сідарэнка ў каментары Еўрарадыё гаворыць, што звычайна артыкул, па якім абвінавачваюць, у судзе могуць перакваліфікаваць на больш мяккі. Калі раптам выявіліся нейкія новыя абставіны злачынства. Перакваліфікацыя на больш цяжкую частку альбо новы артыкул бывае нашмат радзей. Гэта робіцца падчас разбіральніцтва ў судзе першай інстанцыі:
“Тэарэтычна на больш цяжкую частку альбо артыкул можна перакваліфікаваць. Але павіннае быць выстаўленае новае абвінавачанне. Гэта робіцца падчас судовага следства. Калі новае абвінавачанне больш цяжкае, гэта робіцца падчас разгляду справы судом першай інстанцыі”.
Гаворачы простай мовай, пракурор Сяргей Кротаў, калі мае такі намер, павінен падаць хадайніцтва аб перакваліфікацыі справы Цыняўскага літаральна ў найбліжэйшыя дні. Магчыма, ужо ў панядзелак, 2 лютага: цяпер працэс знаходзіцца на стадыі агучвання матэрыялаў справы, і калі дойдзе да спрэчак бакоў, будзе ўжо позна.
Тамара Сідарэнка гаворыць, што “расстрэльны” артыкул мае свае прыкметы. Калі б справа Цыняўскага пад іх трапляла, яму хутчэй за ўсё адразу б выставілі адпаведнае абвінавачанне:
“Пракурор павінен узяць час і перавыставіць яму абвінавачанне. Па той частцы артыкула, якая прадугледжвае смяротнае пакаранне. Але там ёсць свае прыкметы — забойства двух і большай колькасці чалавек, падрыхтоўка да забойства, з асаблівай жорсткасцю… Там шмат прыкмет. Думаю, калі б яны ў справе былі, такі склад злачынства, натуральна, быў бы агучаны яшчэ на стадыі следства”.
Якім будзе лёс Паўла Цыняўскага, пакажуць найбліжэйшыя дні. Пакуль яму пагражае пятнаццаць гадоў турмы, а яго маці Галіне за дапамогу ў знішчэнні трупа Юліі Саламацінай — два.
Артыкул 139 КК РБ, ч.1, па якім судзяць Паўла Цыняўскага: 1. Наўмыснае супрацьпраўнае пазбаўленне жыцця іншага чалавека (забойства) — караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад шасці да пятнаццаці гадоў.
Артыкул 139 КК РБ, частка 2, якая прадугледжвае смяротнае пакаранне, мае шэраг дадатковых прыкмет:
2. Забойства:
1) дзвюх або больш асоб;
2) заведама малалетняга, састарэлага або асобы, якая знаходзіцца ў бездапаможным стане;
3) заведама для вінаватага цяжарнай жанчыны;
4) спалучанае з выкраданнем чалавека альбо захопам закладніка;
5) здзейсненае агульнанебяспечным спосабам;
6) учыненае з асаблівай жорсткасцю;
7) спалучанае са згвалтаваннем або гвалтоўнымі дзеяннямі сэксуальнага характару;
8) з мэтай схаваць іншае злачынства ці аблегчыць яго здзяйсненне;
9) з мэтай атрымання трансплантанта альбо выкарыстання частак трупа;
10) асобы або яе блізкіх у сувязі з ажыццяўленнем ёй службовай дзейнасці або выкананнем грамадскага абавязку;
11) асобы або яе блізкіх за адмову гэтай асобы ад удзелу ў здзяйсненні злачынства;
12) з карыслівых меркаванняў, альбо па найме, альбо спалучанае з разбоем, вымагальніцтвам або бандытызмам;
13) з хуліганскіх памкненняў;
14) па матывах расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасці або розні, палітычнай ці ідэалагічнай варожасці, а таксама па матывах варожасці або розні ў дачыненні да якой-небудзь сацыяльнай групы;
15) здзейсненае групай асоб;
16) здзейсненае асобай, якая раней учынiла забойства, за выключэннем забойства, прадугледжанага артыкуламі 140-143 гэтага Кодэкса, —
караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад васьмі да дваццаці пяці гадоў, або пажыццёвым зняволеннем, або смяротным пакараннем, а пры наяўнасці абставін, прадугледжаных пунктам 12 часткі другой гэтага артыкула, — з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі.
Фота: Аляксандр Васюковіч, tut.by