Прызначаныя старшынямі выканкамаў дэпутаты працягваюць займаць дзве пасады

І калі гэта можа здарыцца, старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына не ведае. Вось як яна пракаментавала сітуацыю Еўрарадыё:



“Іх паўнамоцтвы не спыняюцца аўтаматычна (адразу пасля прызначэння на іншую пасаду — Еўрарадыё) — павінна прымаць рашэнне Палата прадстаўнікоў. І пакуль такое рашэнне не прынятае, мы не можам разглядаць пытанне правядзення выбараў. Мы ж не ведаем — прымуць дэпутаты такое рашэнне на гэтай сесіі ці на веснавой”.

Паводле закона “Аб дэпутатах”, народны абраннік можа працаваць выключна на пасадзе парламентарыя. У выпадку абрання ён павінен звольніцца з ранейшага месца працы, у выніку прызначэння на пасаду падчас свайго дэпутацтва — мусіць скласці дэпутацкія паўнамоцтвы. Але па словах Лідзіі Ярмошынай, у законе не прапісана, цягам якога часу Палата прадстаўнікоў павінна прыняць рашэнне аб пазбаўленні былога калегі паўнамоцтваў.



Нагадаем, днямі кіраўнік краіны прызначыў дэпутата Аляксандра Зазулю старшынёй Кобрынскага райвыканкама, а яго калегу Уладзіміра Краўцова — старшынёй Гродзенскага аблвыканкама. Такім чынам, фактычна без сваіх прадстаўнікоў у парламенце засталіся выбарцы Кобрынскай акругі № 12 і Крычаўскай акругі № 83.


Дарэчы, да гэтага часу не маюць свайго дэпутата выбарцы Навабеліцкай выбарчай акругі — там дэпутата не здолелі абраць падчас парламенцкіх выбараў 2012 года. Такім чынам, сёння у парламенце замест 110 дэпутатаў фактычна працуе 107 — аднаго няма ад пачатку, двое зараз занятыя больш важнымі справамі на новым месцы працы.

Фота — bymedia.net
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі