Псіхічнае здароўе хлопца з бензапілой будзе зноў разглядацца
Псіхічнае здароўе Уладзіслава Казакевіча, хлопца з бензапілой будзе зноў разглядацца. Пра гэта ў панядзелак заявіў суддзя. Працэс па гучнай справе праходзіць у Мінскім гарадскім судзе. Пасля перапынку дапытваюць пацярпелых. Аднак адна з іх адмовілася задаваць пытанні Казакевічу, яна сказала, што ў гэтым няма сэнсу, паколькі той вар'ят. Пасля гэтага суддзя і паведаміў пра планы разгледзець зноў псіхічны стан падсуднага.
Уладзіслаў Казакевіч напаў на наведвальнікаў мінскага гандлёвага цэнтра "Еўропа" 8 кастрычніка 2016 года каля 17.30. З заведзенай бензапілой ён напаў на 43-гадовую работніцу цэнтра, нанёс ёй два ўдары, а калі піла заглохла, дабіў жанчыну сякерай-кувалдай. Вядома, што Казакевіч быў у стане алкагольнага ап'янення. Ён параніў 46-гадовую наведвальніцу "Еўропы", якой нанёс два ўдары сякерай, лёгкія раненні атрымала яшчэ адна супрацоўніца цэнтра. Пасля гэтага зламысніка затрымалі работнікі і наведвальнікі гандлёвага цэнтра. Па словах Уладзіслава Казакевіча, на людзей ён напаў "дзеля прыколу і забавы".
18-гадовага Казакевіча абвінавачваюць у падрыхтоўцы да забойства двух і больш асобаў, у замаху на забойства двух і больш асобаў, у забойстве, учыненым з асаблівай жорсткасцю з хуліганскіх меркаванняў, а таксама ў хуліганстве. У судзе хлопец распавёў, што планаваў не толькі напасці на сваіх аднакурснікаў, але і збіраўся выклікаць прастытутку і "папрактыкавацца" з бензапілой на ёй, а пасля... з'есці яе мяса. Думаў нават пра "буйны тэракт". Абвінавачаны ў судзе цалкам прызнаў сваю віну. З-за таго, што забойства было ўчынена непаўнагадовым, максімум, што яму пагражае — 15 гадоў зняволення.
Вядома, што ў 2014-м, пасля спробы самагубства, Казакевіч лячыўся ў псіханеўралагічным дыспансеры, праблемаў з законам ён не меў. На злачынства яго падштурхнула "расчараванне ў сабе", "дэпрэсія", "агіда да чалавецтва". Ён хацеў забіць якмага больш людзей і быць забітым пры затрыманні (планаваў узяць закладнікаў, каб прыехаў спецназ і яго забіў). Быў у навушніках, слухаў музыку, "каб было весялей" і каб не перашкаджаў шум бензапілы (крыкі ахвяраў яго не турбавалі). У судзе Уладзіслаў Казакевіч заявіў: шкадуе, што мала забіў людзей.
Пацярпелымі па крымінальнай справе суд прызнаў траіх жанчын і сваякоў загінулай. Былі заяўленыя пазовы на кампенсацыю матэрыяльнай і маральнай шкоды.
Суд працягнецца ў аўторак, 21 лютага.