Пуцін хоча адгаварыць Украіну ад збліжэння з ЕС і запрасіць у Мытны саюз?

Мяркуецца, што падчас візіту Уладзімір Пуцін і Віктар Януковіч абмяркуюць удзел Украіны ў Мытным саюзе, а таксама гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва паміж краінамі.

“Камерсант-Украіна” апісвае падрабязнасці візіту Пуціна ва Украіну, спасылаючыся на крыніцу, блізкую да адміністрацыі прэзідэнта Расіі:

“Афіцыйных перамоваў у класічным стылі не будзе хутчэй за ўсё, у другой палове дня прэзідэнты паразмаўляюць у нефармальнай абстаноўцы. Акрамя газа і гандлёвых рэжымаў, прэзідэнты захочуць абмеркаваць набалелыя пытанні ў сферы авіябудавання, атамнай энергетыкі і ракетна-касмічных праграм”.

Але ёсць яшчэ адно пытанне, якое падчас сустрэчы будзе хваляваць палітыкаў больш за ўсё. Эксперты лічаць, што візіт у Кіеў будзе ледзь не апошняй магчымасцю Уладзіміра Пуціна адгаварыць кіраўніка Украіны ад збліжэння з ЕС. Што праўда, не ўсе эксперты вераць у сур’ёзныя перамовы ў канцы ліпеня. Напрыклад, палітолаг Міхаіл Паграбінскі мяркуе, што Уладзімір Пуцін, калі і прыедзе, то выключна, каб прыняць удзел у святочных мерапрыемствах.

Міхаіл Паграбінскі: Пазіцыя даўно вядомая: і расійская, і ўкраінская. Я б сказаў, што мяч на баку ўкраінскага кіраўніцтва. Калі яно зможа знайсці аргументы, каб вярнуцца да перамоваў, то выдатна. Калі не, то працэс будзе ісці па лініі, якая ўжо вызначылася”.

А лінія гэта вядзе да стварэння палітычнай асацыяцыі паміж Украінай і ЕС і стварэння паміж імі зоны свабоднага гандлю. Варта адзначыць, што еўрапейскі бок таксама мае пэўныя патрабаванні да Украіны. Напрыклад, хоча бачыць на волі былую ўкраінскую прэм’ер-міністра Юлію Цімашэнку. Тое, што яе выпусцяць нават на лячэнне, Міхаіл Паграбінскі лічыць нерэальным.

Міхаіл Паграбінскі: “Еўропа працягвае аказваць ціск. Але палітычны інтарэс Еўропы складаецца ў тым, каб падпісаць пагадненне аб асацыяцыі незалежна ад усіх іншых фактараў”.

Трэба дадаць, што ў расійскай амбасадзе ў Кіеве нічога пра візіт Пуціна ва Украіну не ведаюць і кажуць, што дакладная інфармацыя можа з’явіцца ў канцы тыдня. Тым часам, паводле “Камерсант-Украіна”, запрашэнне на ўрачыстасці з нагоды 1025-годдзя Хрышчэння Русі накіравана і кіраўніку Беларусі Аляксандру Лукашэнку.

Фота: ITAR-TASS

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі